Святы Айцец: камунікацыя – гэта акт любові
Марыя Валодзіна - Vatican News
27 студзеня 2025 года, у рамках святкавання Юбілею СМІ, Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане кіраўніцтва камісій па камунікацыі і прэс-службаў біскупскіх канферэнцый Касцёлаў свету. Дэлегацыя складалася з біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў, закліканых распавядаць пра жыццё Касцёла і хрысціянскі погляд на свет.
Папа заахвоціў гасцей правесці экзамен свайго сумлення і спытаць сябе, ці сеюць яны надзею сярод адчаю, ці лечаць вірус падзелу, які пагражае каталіцкім супольнасцям, ці суправаджаюць камунікацыю малітвай. Альбо паведамляюць пра Касцёл, прытрымліваючыся толькі правіл карпаратыўнага маркетынгу?
На думку Святога Айца, тое, што для ўдзельнікаў аўдыенцыі з'яўляецца інстытуцыянальным служэннем, з'яўляецца пакліканнем кожнага хрысціяніна, кожнага ахрышчанага. “Кожны хрысціянін закліканы бачыць і распавядаць гісторыі дабра, якія дрэнная журналістыка імкнецца сцерці, даючы месца толькі злу”, - сказаў Папа, дадаючы, што “зло існуе, яго нельга хаваць, але яно павінна ўзрушваць, спараджаць пытанні і адказы”.
Папа заклікаў касцёльных камунікатараў узмацніць сінэргію на кантынентальным і сустветным узроўнях. Ён заахвоціў іх ствараць мовы і масты, быць альтэрнатывай новым вавілонскім вежам, калі ўсе гавораць і ніхто не разумее адзін аднаго.
Святы Айцец вылучыў два словы для разумення касцёльнай камунікацыі: разам і сетка. Ён падкрэсліў, што толькі разам можна перадаць прыгажосць веры, прыгажосць таго, што мы любім адзін аднаго. Камунікацыя – гэта не тактыка і не тэхніка, не паўтор падрыхтаваных фраз і лозунгаў і не напісанне прэс-рэлізаў. Камунікацыя – гэта акт любові, - сцвердзіў ён.
Францішак адзначыў, што сетка – старажытнае слова, якое існавала задоўга да лічбавай цывілізацыі і сацыяльных сетак. Яно нагадвае нам пра сеткі рыбакоў і пра Пятра, якога Езус паклікаў стаць рыбаком людзей. Сетка дазваляе аб'яднаць веды, здольнасці і намаганні, каб адэкватна інфармаваць і змагацца з роспаччу і дэзінфармацыяй.
Пантыфік заклікаў выкарыстоўваць лічбавыя тэхналогіі і штучны інтэлект не для таго, каб ператвараць тэхналогіі ў куміра, а для таго, каб рабіць нешта разам, ствараць сетку. "Я прызнаюся вам у адным: мяне больш турбуе не штучны інтэлект, а натуральны – той інтэлект, які павінны развіваць мы", - сказаў ён.
Папа падкрэсліў, што каталіцкая камунікацыя не павінна быць замкнёнай сістэмай толькі для католікаў. "Наша сетка прызначана для ўсіх. Для ўсіх! Каталіцкая камунікацыя – гэта не адасобленая прастора, не плот, якім можна адгарадзіцца, не секта для размоў паміж сабой, не! Каталіцкая камунікацыя – гэта адкрытая прастора для сведчання, якая ўмее слухаць і ўлоўліваць знакі Валадарства Божага", - падкрэсліў Святы Айцец.
Grazie per aver letto questo articolo. Se vuoi restare aggiornato ti invitiamo a iscriverti alla newsletter Clicca Qui