Папа святарам: цалкам прысвяціць сябе людзям і Евангеллю
Аляксандр Панчанка - Vatican News
16 студзеня 2025 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Аргенцінскага святарскага калегіума ў Рыме – структуры, заснаванай у 2002 годзе епіскапатам Аргенціны для святароў з гэтай краіны, якія жадаюць паглыбіць сваю навуковую і духоўную падрыхтоўку ў Вечным горадзе.
“Каб не забываць водары роднай зямлі” Папа падзяліўся са сваімі суайчыннікамі некаторымі думкамі пра “святарскую душу” святога Хасэ Габрыэля Брачэра – аргенцінскага дамініканіна, уважлівага да бедных і хворых, якога ён кананізаваў у 2016 годзе.
Пантыфік нагадаў словы, якія казалі пра гэтага пастыра яго сябры: “Брачэра не мог быць кімсьці іншым, акрамя святара”. “Мы павінны з рашучасцю прыняць такую святарскую тоеснасць, прасякнуцца тым, што наша пакліканне – гэта не дадатак, не сродак для іншых мэт, няхай і пабожных, такіх як збаўленне сябе”, - сказаў Святы Айцец, нагадваючы, што “пакліканне – гэта задума Бога для нашага жыцця”, акая ахоплівае чалавека цалкам.
Францішак падзяліўся са святарамі думкай айца Хасэ Брачэры пра “касцельную кар’еру” – выраз, які яму асабіста не падабаецца. Аргенцінскі святы, аднак, прапануе іншы погляд на гэта паняцце, разумеючы яго як працу дзеля дабра людзей да апошняга моманту жыцця, поўнае ахвяраванне сабой Богу ў служэнні іншым і Евангеллю, - сказаў Папа, заклікаючы святароў змагацца на гэтым шляху з духоўнымі ворагамі, падобна да пумы, якая працягвае барацьбе нават лежачы, калі не можа стаяць.
“Таму, будзем клапаціцца пра духоўнае жыццё, трымаючы запаленым полымя, з вялікай пакорай, “лежачы”, бо “на нагах” у нашай ганарыстасці мы больш уразлівыя”, - параіў Святы Айцец, нагадваючы таксама пра важнасць святарскага братэрства, рэгулярнай споведзі і чэрпання сіл у Эўхарыстыі.