Папа падчас хросту немаўлят у Ватыкане: вера – самы вялікі дар

У свята Хросту Пана, 12 студзеня 2025 года, Францішак узначаліў святую Імшу ў Сікстынскай капэле, падчас якой ахрысціў дзяцей супрацоўнікаў ватыканскіх устаноў. Сакрамэнт атрымалі 21 нованароджаны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёння кожны з вас, бацькоў, і сам Касцёл дае гэтым дзецям самы вялікі дар - дар веры,” - сказаў Папа на пачатку цырымоніі, падкрэсліваючы, што падчас яе дзеці павінны адчуваць сябе добра.

“Калі яны галодныя – пакарміце, калі спякотна – распраніце іх... Сёння кіруюць яны, а мы павінны служыць ім з дапамогай сакрамэнту і малітвы,” - дадаў Пантыфік.

“Давайце папросім Пана, каб яны раслі ў веры, у сапраўднай чалавечнасці і ў радасці сям’і,” - заахвоціў прысутных Святы Айцец.

Звычай хросту дзяцей супрацоўнікаў Святога Пасаду і ватыканскіх устаноў устанавіў святы Ян Павел II 11 студзеня 1981 года падчас святой Імшы ў Паўлінскай капэле Апостальскага палаца. У 1983 годзе ён жа ўпершыню ўзначаліў літургію ў сценах Сікстынскай капэлы — месца, дзе праводзіцца канклаў, падчас якога кардыналы выбіраюць чарговага Наступніка святога Пятра.
 

12 студзеня 2025, 11:24