Пошук

Пантыфік: дабрабыт сем’яў важны для Касцёла і грамадства

18 студзеня 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Фонда Папскай швейцарскай гвардыі. Сустрэча адбылася з нагоды 25-годдзя гэтага аб’яднання, створанага для аказання рознабаковай дапамогі невялікаму папскаму войску.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Ваша каштоўная дзейнасць павінна натхняцца духам веры і любові, бо дапамагаць Папскай швейцарскай гвардыі значыць падтрымліваць Наступніка святога Пятра ў яго служэнні Паўсюднаму Касцёлу – і я асабіста таксама вельмі ўдзячны за вернае служэнне гвардзейцаў. З цягам часу праца Швейцарскай гвардыі вельмі змянілася, але яе мэтай заўсёды застаецца абарона Папы. Гэта прадугледжвае таксама дапамогу ў прыняцці шматлікіх пілігрымаў з усіх частак свету, якія жадаюць сустрэцца з ім”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што Фонд падтрымлівае гвардзейцаў рознымі спосабамі, у першую чаргу дапамагаючы сем’ям, асабліва ў тым, што датычыць адукацыі і выхавання дзяцей у навучальных установах. “Гэты аспект стаў вельмі значным, бо колькасць жанатых гвардзейцаў з дзецьмі павялічылася, а дабрабыт сем’яў мае асноўнае значэнне для Касцёла і грамадства”, - зазначыў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што Фонд забяспечвае Папскую гвардыю неабходным абсталяваннем і інфраструктурай, а таксама падтрымлівае гвардзейцаў, якія па завяршэнні службы вяртаюцца ў Швейцарыю.

“Усё гэта неабходна, каб гвардзейцы маглі выконваць сваё каштоўнае служэнне найбольш эфектыўным чынам і на карысць усім. Супрацоўніцтва паміж вашым Фондам і Папскай швейцарскай гвардыяй мае ўзорнае значэнне, бо паказвае, што ніводная рэальнасць не павінна дбаць сама пра сябе. Мы ўсе павінны дапамагаць адзін аднаму і аказваць узаемную падтрымку, а гэта датычыць усіх, як асобных супольнасцей, так і ўсяго Касцёла”, - сцвердзіў Пантыфік, выказваючы падзяку сваім гасцям за 25 гадоў служэння.
 

18 студзеня 2025, 10:25