Пошук

Пантыфік: малітва і справы міласэрнасці звязаны непарыўна

Малітва і канкрэтныя дзеянні на карысць самых апошніх павінны быць непарыўна звязанымі нагадаў Папа падчас сустрэчы з членамі Фонду Папскай сусветнай сеткі малітвы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

23 студзеня 2025 года Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю гэтага міжнароднага каталіцкага руху, мэта якога заключаецца ў мабілізацыі вернікаў ва ўсім свеце да малітвы і канкрэтных дзеянняў у інтэнцыях Святога Айца. У духоўнасці аб’яднання асаблівае месца займае культ Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

“Я цешуся, што вы з радасцю прынялі энцыкліку Dilexit nos, прысвечаную чалавечай і боскай любові Сэрца Хрыстова. У ёй вы знойдзеце важныя элементы для ўмацавання духоўнасці вашага апостальства. Мне падабаецца, што вы называеце гэту духоўнасць “шляхам Сэрца””, - сказаў Папа, прапануючы разумець гэты выраз як “шлях Сэрца Езуса, які пралягае праз таямніцу ўцелаўлення, мукі, смерці і ўваскрасення, а таксама як шлях чалавечага сэрца, параненага грахом, якое дазваляе перамагчы і змяніць сябе любоўю”.

“На гэтым шляху сэрца нас, як заўсёды, вядзе наша Маці Марыя. Яна апярэджвае нас у пілігрымцы веры і надзеі, вучыць нас захоўваць словы і справы Езуса ў нашых сэрцах. Гэта – як вы добра ведаеце – справа Святога Духа. Без жывой вады Духа немагчымы шлях сэрца з Хрыстом”, - дадаў Пантыфік.

“Дарагія сёстры і браты, я ўпэўнены, што Сусветная сетка малітвы зробіць вельмі важны ўклад у Юбілей, дапамагаючы людзям і супольнасцям спазнаць яго дух. Гэта шлях, на якім малітва і спачуванне, малітва і блізкасць да апошніх, малітва і справы міласэрнасці непарыўна звязаны”, - падкрэсліў Францішак, выказаўшы сваім гасцям падзяку за служэнне.
 

23 студзеня 2025, 09:32