Пошук

Францішак: у братэрскім грамадстве ёсць месца для ўсіх

Інтэгральная адукацыя не абмяжоўваецца перадачай ведаў, але імкнецца сфармаваць людзей, здольных да спагады і братэрскай любові, - нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 студзеня 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане заснавальнікаў і кіраўнікоў французскай каталіцкай ініцыятывы Écoles de Vie(s), натхнёнай прынцыпамі інтэгральнай і інклюзіўнай адукацыі.

“Ваш выхаваўчы праект, у цэнтры якога знаходзіцца Евангелле і сацыяльнае вучэнне Касцёла, пралівае святло на фундаментальную праўду: кожны чалавек, наколькі б уразлівым ён ні быў, з’яўляецца носьбітам прыроджанай каштоўнасці і пакліканы “прызнаць кожнага як унікальнага і непаўторнага чалавека””, - сказаў Пантыфік.

“Кожнае чалавечае жыццё мае неад’емную годнасць. Сваёй дзейнасцю вы абвяшчаеце, што ніхто не з’яўляецца бескарысным ці пазбаўленым годнасці, што кожнае жыццё – гэта Божы дар, які павінен прымацца з любоўю і павагай”, – дадаў Папа, заўважаючы, што гэтаму вучыў Езус, выходзячы насустрач хворым і адрынутым грамадствам свайго часу.

Святы Айцец адзначыў, што прыняцце людзей, разам з іх уразлівасцю, і ўстанаўленне трывалых адносін з’яўляюцца выразам Касцёла, які “вырушае ў дарогу” – Касцёла адкрытага і гасціннага, здольнага наблізіцца да кожнага, лячыць раны тых, хто пакутуе, дарыць пяшчоту пазбаўленым любові і ўздымаць упаўшых.

“Асабліва маладыя людзі, нягледзячы на іх абмежаванні, багатыя нечаканым патэнцыялам. Мы пакліканы ствараць прасторы, дзе яны змогуць самарэалізавацца. Ваша дзейнасць дазваляе ім адкрыць, што іх жыццё мае сэнс, і яны могуць выконваць унікальную ролю ў грамадстве”, - сцвердзіў Пантыфік.

На думку Папы, ініцыятыва Écoles de Vie(s) адпавядае прынцыпам Глабальнага адукацыйнага саюза, згодна з якімі “інтэгральнае выхаванне не абмяжоўваецца перадачай ведаў, але імкнецца сфармаваць людзей, здольных да спагады і братэрскай любові”.

“Такім чынам, вы робіце ўнёсак на карысць выхавання, якое рыхтуе будучыню, фарміруючы не толькі кампетэнтных прафесіяналаў, але і сталых дарослых людзей, якія стануць творцамі больш прыгожага і чалавечнага свету, прасякнутага Евангелле”, - адзначыў Святы Айцец, дадаючы, што “толькі вяртаючы чалавечую асобу на першае месца і інтэгруючы яе духоўныя вымярэнні, мы зможам пабудаваць па-сапраўднаму справядлівае і салідарнае грамадства”.

“Ваша ініцыятыва – канкрэтны адказ на гэтае памкненне: вярнуць людзям, маргіналізаваным з-за інваліднасці ці ўразлівасці, іх месца ў братэрскай і радаснай супольнасці. Няхай вашы намаганні натхняюць іншыя ініцыятывы на карысць найбольш уразлівых, а ваша дзейнасць адкрывае новыя перспектывы для інтэгральнай адукацыі, у якой маладыя пакаленні маюць тэрміновую патрэбу”, - сказаў Папа.
 

10 студзеня 2025, 11:09