Пошук

Францішак семінарыстам: жывіце місіяй Касцёла ў сінадальным стылі

Уважліва ставіцца да адносін з Богам, народам, біскупам і святарамі, а таксама дапамагчы Касцёлу стаць больш місіянерскім і здольным крочыць побач з кожным чалавекам, заклікаў Францішак рымскіх семінарыстаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

20 студзеня 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане семінарыстаў, дыяканаў, святароў і выкладчыкаў Каледжа Капранікі (Collegio Capranica) – рымскай семінарыі, якую ў 1457 годзе заснаваў кардынал Даменіка Капраніка. Нагодай для сустрэчы паслужыла свята апякункі навучальнай установы, святой Агнешкі, якое адзначаецца 21 студзеня.

Шэсць гадоў таму, 14 студзеня 2019 года, Францішак зацвердзіў новы статут каледжа. На аўдыенцыі ён заклікаў гасцей працягваць кіравацца яго ўказаннямі. “Гэта дапаможа вам дасягнуць свабоды, вернасці і адказнасці, якія патрабуюцца ад тых, каму даручана служэнне ў Касцёле”, - сказаў ён.

Супольнасць каледжа складаюць маладыя і дарослыя семінарысты, аб’яднаныя верай у Хрыста і жаданнем адказаць на Яго заклік. Біскупы накіравалі іх у Рым для падрыхтоўкі да святарскага служэння або для ўдасканалення фармацыі. “Мне вядома, што вы паходзіце з 39 дыяцэзій: з 26 дыяцэзій Італіі і 14 замежных дыяцэзій, у тым ліку і з Сіра-малабарскай Царквы. Такое разнастайнае паходжанне адлюстроўвае шматграннасць і еднасць святога Божага народа”, - заўважыў Пантыфік.

Семінарыя носіць тытул Almo (што можна перакласці як той, хто корміць ці той, хто дае жыццё). Папа прыгадаў радок з Боскай камедыі Дантэ, у якім святы Тамаш Аквінскі апісвае ордэн прапаведнікаў як месца, дзе душа ўмацоўваецца (добра харчуецца), калі не блукае дарэмна. “Гэты верш карысна нагадаць многім супольнасцям, а значыць і вашаму каледжу”, - заўважыў Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што ў кантэксце падрыхтоўкі да святарства можна духоўна ўмацоўвацца (добра харчавацца), калі не блукаць, не губляць правільны шлях. Дарэмна блукаць – гэта значыць грэбаваць важнымі адносінамі: з Богам, Яго народам, біскупам і святарамі.

Папа заклікаў семінарыстаў выконваць місію, якую Езус даверыў сённяшняму Касцёлу, жыць гэтай місіяй у сінадальным стылі, які характарызуецца духоўным абнаўленнем і структурнай рэформай, накіраванай на тое, каб зрабіць Касцёл больш адкрытым і місіянерскім, здольным крочыць побач з кожным чалавекам, выпраменьваючы святло Хрыста.

Пантыфік заахвоціў семінарыстаў адчуваць сябе часткай гэтага працэсу і спрыяць яму – у каледжы, ва ўніверсітэтах, у рымскіх парафіях, у турме Рэбібія і ў дзіцячым шпіталі Bambinо Gesù, дзе яны нясуць душпастырскае служэнне.

Каледж таксама нясе літургічнае служэнне ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ і часам у ватыканскай Базіліцы святога Пятра. Папа падзякаваў гасцям за ўдзел ў набажэнствах, і адначасова заклікаў ставіцца да адносін (з Богам, народам, біскупам і святарамі) з такой жа ўвагай, як да літургіі. Ён падкрэсліў, што літургія губляе сваё сапраўднае значэнне, калі не суправаджаецца жыццём, напоўненым верай, надзеяй і любоўю.

Францішак нагадаў семінарыстам пра важнасць дабрачыннай дапамогі тым, хто мае патрэбу. Невялікія, але каштоўныя жэсты падтрымкі, дазваляюць уразлівым людзям лягчэй пераадольваць цяжкасці жыцця, а дабрачынцам – не губляць кантакт з тымі, хто знаходзіцца на перыферыі грамадства.

Напрыканцы сустрэчы Папа благаславіў семінарыстаў, выкладчыкаў, выпускнікоў і ўсіх, хто падтрымлівае каледж, і даверыў іх заступніцтву Марыі Salus Populi Romani і святой Агнешкі.

20 студзеня 2025, 11:25