Пошук

Папа да прадстаўнікоў Caritas: абараняйце слабых ад несправядлівасці

Пра важную ролю культуры клопату і абароны чалавечай годнасці нагадаў Папа на аўдыенцыі для кіраўнікоў аддзяленняў Caritas Лацінскай Амерыкі і Карыбскага рэгіёна, якая прайшла 15 студзеня 2025 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Навучальныя курсы, у якіх прымаюць удзел прадстаўнікі Caritas, прадугледжваюць кансалідацыю працэсаў, накіраваных на стварэнне той культуры клопату, якая называецца абаронай (salvaguardia), - адзначыў у сваёй прамове Святы Айцец. Слоўнік іспанскай мовы вызначае гэты тэрмін як апека, ахова, гарантыя. Аднак увагу Францішка прыцягнула яшчэ адно значэнне гэтага паняцця: “знак, які ў ваенны час, па загадзе ваеначальнікаў, ставіцца на ўездзе ў вёскі або каля дзвярэй хат, каб салдаты не прычынілі ім шкоды".

Гэты вобраз нагадаў Францішку кнігу прарока Эзэхіэля (9, 4) і Апакаліпсіс (7, 3), а менавіта той момант, калі Пан просіць анёла пазначыць знакам твары тых людзей, якія стогнуць і наракаюць на мярзоты, якія здзяйсняюцца сярод іх. Пан заклікае і нас, сваіх пасланцоў, сваіх анёлаў, пазначыць знакам благаслаўлёнага крыжа ілбы тых, хто прыходзіць да нас, стогнучы і наракаючы на несправядлівасці і мярзоты, учыненыя супраць іх. “Віртуальна пазначыць гэтым знакам кожнага падапечнага, кожнага супрацоўніка, кожнага чалавека, з якім мы сустракаемся, – значыць прызнаць, што ён мае годнасць і з'яўляецца братам у Хрысце”, - сказаў Пантыфік, нагадаўшы яшчэ адзін біблійны імператыў: “Не чапайце памазаннікаў Маіх” (Пс 105, 15).

У гэтым сэнсе абарона годнасці – гэта Боскі тэрмін, гэта бачанне Хрыста ў кожным чалавеку, якое, як у люстэрку, адлюстроўваецца ў сэрцы кожнага з нас, у маленькіх жэстах міласэрнасці і клопату, - сказаў Папа.

“Няхай Езус узнагародзіць усе вашы намаганні, няхай Святы Дух кіруе вашымі справамі, і няхай Святая Дзева накрые вас сваім покрывам, каб вы вучыліся ў яе несці клопат і абарону ўсім людзям”, - пажадаў сваім гасцям Францішак.

15 студзеня 2025, 11:23