Падчас сустрэчы прадстаўнікоў ромаў і сінці з Францішкам. Ілюстрацыйнае фота Падчас сустрэчы прадстаўнікоў ромаў і сінці з Францішкам. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Святы Айцец цыганскаму народу: вы – умілаваныя дзеці Бога

Папа заклікаў цыганскую супольнасць Іспаніі распаўсюджваць радасць жыцця верай, надзеяй і хрысціянскай любоўю. Пасланне было прымеркавана да 600-годдзя прысутнасці гэтага народа на Іберыйскім паўвостраве, якое адзначаецца ў 2025 годзе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец выказаў сваю блізкасць цыганскаму народу і пашану да яго каштоўнасцей. “Я ведаю, што ваша гісторыя была пазначана непаразуменнямі, непрыняццем і маргіналізацыяй. Але нават у самыя складаныя хвіліны вы адкрывалі для сябе блізкасць Бога. Насамрэч, Бог пілігрымуе праз гісторыю разам з чалавецтвам і стаў вандроўнікам разам з вандроўным народам”, - запэўніў Пантыфік.

Францішак адзначыў важнасць прызнання намаганняў, зробленых у апошнія дзесяцігоддзі цыганскім народам, Касцёлам і іспанскім грамадствам у цэлым, каб стаць на новы шлях інтэграцыі з павагай да цыганскай тоеснасці. Ён падкрэсліў, што гэтыя намаганні ўжо прыносяць станоўчыя вынікі, але неабходна працягваць працу, каб пераадолець забабоны і розныя цяжкія сітуацыі.

Папа нагадаў словы Паўла VI, які ў 1965 годзе казаў, што цыганскі народ мае месца ў сэрцы Касцёла. “Вы – умілаваныя дочкі і сыны Бога. Вы – вельмі любімыя дзеці Найсвяцейшай Марыі”, - падкрэсліў ён, дадаўшы, што і сёння Касцёл жадае шырока расчыніць свае дзверы, каб кожны адчуваў сябе як дома і ўзрастаў у хрысціянскай веры, не адмаўляючыся ад лепшых каштоўнасцей сваёй культуры.

Францішак падкрэсліў, што цыганская супольнасць можа многае прапанаваць Касцёлу і грамадству: павагу да пажылых людзей, прыклад сямейнай еднасці, клопат пра стварэнне, разуменне нашага пілігрымскага стану да нябеснай Радзімы, здольнасць захоўваць радасць і святкаваць нават у складаных абставінах, разуменне сэнсу працы. “Многія каштоўнасці, якія вызначаюць вас як народ, не толькі евангельскія, але і прароцкія і контркультурныя ў наш час”, - адзначыў Пантыфік.

“Таму я заклікаю вас ісці разам, каб евангелізаваць, перадаваць радасць жыцця верай, надзеяй і хрысціянскай любоўю, асабліва моладзі, якой цяжка знайсці Бога”, - дадаў Святы Айцец.
 

13 студзеня 2025, 11:47