Папа: не саўдзельнічаць у выкарыстанні дзіцячай працы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак прысвяціў катэхезу праблеме дзіцячай працы, нагадаўшы, што “нават сёння ў свеце сотні мільёнаў непаўналетніх вымушаны працаваць, і многія з іх займаюцца асабліва небяспечнай працай, хоць яшчэ не дасягнулі ўзросту, неабходнага для выканання абавязкаў дарослага чалавека”.
Папа звярнуў увагу на існаванне вялікай колькасці хлопчыкаў і дзяўчынак, якія трапляюць у рукі гандляроў людзьмі і выкарыстоўваюцца ў прастытуцыі або парнаграфіі, альбо становяцца ахвярамі прымусовых шлюбаў.
“У нашым грамадстве, на жаль, існуе мноства спосабаў, з дапамогай якіх дзеці падвяргаюцца гвалту і жорсткаму абыходжанню. Жорсткае абыходжанне з дзецьмі, якога б характару яно ні было – гэта агідны і жахлівы ўчынак. Гэта не толькі ганьба для грамадства і злачынства; гэта грубае парушэнне Божых запаведзяў. Ніводнае дзіця не павінна падвяргацца гвалту. Нават адзін выпадак – гэта ўжо занадта шмат. Таму неабходна абудзіць сумленне, праявіць блізкасць і канкрэтную салідарнасць з дзецьмі і падлеткамі, якія зазналі насілле, і адначасова ўмацаваць давер і ўзаемадзеянне паміж тымі, хто імкнецца стварыць для іх бяспечныя месцы для спакойнага сталення”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Францішак заўважыў, што менавіта непаўналетнія нясуць на сабе цяжар распаўсюджанай беднасці, адсутнасці сацыяльнай падтрымкі сем’яў, а таксама беспрацоўя і нестабільнасці занятасці.
У мегаполісах, дзе пануе моцны сацыяльны разрыў і маральнае разлажэнне, маладыя людзі ўцягваюцца ў гандаль наркотыкамі і іншую незаконную дзейнасць, а многія з іх гінуць, - адзначыў Папа, дадаўшы, што часам моладзь схіляюць станавіцца “катамі” для сваіх аднагодкаў або шкодзіць сабе і сваёй годнасці. “І ўсё ж, калі мы сустракаем гэтыя загубленыя жыцці на вуліцах, у наваколлях парафій, мы часта адварочваем позірк”, - са шкадаваннем сказаў Пантыфік, нагадваючы, таксама пра трагічныя выпадкі, калі дзяцей выкрадаюць з мэтай гандлю іх органамі.
“Мы павінны прызнаць сацыяльную несправядлівасць, якая прымушае двух дзяцей з аднаго раёна або дома выбіраць супрацьлеглыя шляхі і лёсы толькі таму, што адзін з іх нарадзіўся ў нядобранадзейнай сям’і. Разрыў паміж тымі, хто можа марыць, і тымі, хто вымушаны адмаўляцца ад мараў, непрымальны. Але Езус хоча, каб усе мы былі вольныя і шчаслівыя; і калі Ён любіць кожнага мужчыну і жанчыну як сваіх дзяцей, то малых Ён любіць з асаблівай пяшчотай. Вось чаму Ён заклікае нас чуць пакуты безгалосых, неадукаваных людзей. Барацьба з эксплуатацыяй, асабліва з дзіцячай – гэта шлях да лепшай будучыні для грамадства”, - падкрэсліў Папа.
Заклікаючы да канкрэтных дзеянняў, Францішак адзначыў, што каб выкараніць дзіцячую працу, мы не павінны быць яе саўдзельнікамі. “Мы становімся саўдзельнікамі, напрыклад, калі купляем тавары, зробленыя з выкарыстаннем дзіцячай працы”, - сказаў ён.
“Як я магу есці і апранацца, ведаючы, што за гэтай ежай або адзеннем стаяць эксплуатуемыя дзеці, якія працуюць замест таго, каб вучыцца? Усведамленне таго, што мы купляем – першы крок да таго, каб не быць саўдзельнікамі. Магчыма, мы як асобныя людзі не можам зрабіць шмат, але кожны з нас можа стаць кропляй, якая разам з іншымі можа ператварыцца ў мора”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў пра адказнасць устаноў, у тым ліку касцельных, і кампаній. Яны могуць змяніць сітуацыю, інвестуючы ў прадпрыемствы, якія не выкарыстоўваюць дзіцячую працу. “Шмат дзяржаў і міжнародных арганізацый ужо прынялі законы супраць дзіцячай працы, але можна зрабіць яшчэ больш. Заклікаю і журналістаў – трэба павысіць дасведчанасць аб праблеме і дапамагчы знайсці рашэнні”, - сказаў Францішак.
Папа падзякаваў усім, хто не адварочваецца, калі бачыць, як дзеці прымушаюцца станавіцца дарослымі занадта рана. “Давайце заўсёды памятаць словы Езуса: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40)”, - адзначыў Папа, заклікаючы не адварочваць вачэй ад дзяцей, ахвяр несправядлівасці, бо “шчасце самых малых будзе мір для ўсіх”.