Пантыфік: Касцёл гатовы прыняць агульную для ўсіх дату Вялікадня
Марыя Валодзіна - Vatican News
У малітве ўдзельнічалі прадстаўнікі праваслаўнай, англіканскай і іншых хрысціянскіх супольнасцей.
У сваёй гаміліі Папа звярнуўся да евангельскага аповеда пра сустрэчу Езуса з Мартай (Ян 11, 21) і падкрэсліў важнасць надзеі ў складаныя часы. Ён адзначыў, што “нават у часы глыбокага адчаю мы не самотныя і можам працягваць спадзявацца”. Езус дае жыццё, нават калі здаецца, што знікла ўсякая надзея. Надзея можа пахіснуцца пасля цяжкіх выпрабаванняў, такіх як балючая страта, хвароба, горкае расчараванне або раптоўная здрада. Езус заўсёды вяртае надзею. Ён увесь час уваскрашае нас з попелу смерці і дае нам сілы ісці далей, пачынаць усё нанова.
Гэта тычыцца не толькі асобных вернікаў, але і хрысціянскіх супольнасцей, сцвердзіў Францішак. Ён падкрэсліў, што нягледзячы на нашу стомленасць і расчараванне, Бог заўсёды дае сілы працягваць шлях да адзінства.
Святы Айцец нагадаў пра важныя падзеі ў жыцці Касцёла: Юбілейны год надзеі і 1700-годдзе Першага Нікейскага сабора, які зацвердзіў агульны для многіх хрысціян Сімвал веры.
Папа заклікаў да захавання і ўмацавання адзінства, сяброўства і талерантнасці паміж рознымі хрысціянскімі Цэрквамі: “Давайце зноў адкрыем агульныя карані веры! Давайце захаваем адзінства!”
Сёлетняе супадзенне дат святкавання Вялікадня па грыгарыянскім і па юліянскім календарах уяўляе магчымасць зрабіць дадатковы крок да адзінства. “Я зноў звяртаюся з заклікам, каб гэтае супадзенне паслужыла запрашэннем да ўсіх хрысціян зрабіць рашучы крок насустрач адзінству вакол агульнай даты, даты Вялікадня”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што Каталіцкі Касцёл гатовы прыняць агульную для ўсіх дату – дату адзінства.