Пантыфік да семінарыстаў: канчатковая мэта – сустрэча з Езусам
Марыя Валодзіна - Vatican News
17 студзеня 2025 года Святы Айцец звярнуўся да супольнасці семінарыі Кордавы, якая завітала ў Рым на Юбілей надзеі. Ён падкрэсліў важнае значэнне надзеі, параўнаўшы яе з сігналамі, якія мы сустракаем у дарозе.
Першы сігнал – напрамак, рух да неба. Папа заклікаў семінарыстаў заўсёды бачыць канчатковую мэту свайго шляху – сустрэчу з Езусам, а не першыя пазіцыі і зручныя месцы, бо гэты тупікі, з якіх цяжка і сорамна выходзіць.
Другі сігнал – небяспекі на шляху. Францішак нагадаў пра гістарычную спадчыну семінарыі, якая носіць імя святога Пелагія. Ён заклікаў прысутных натхняцца прыкладам гэтага святога, які, нягледзячы на пакуты вайны і чалавечую жорсткасць, упарта ішоў па шляху Пана.
Трэці сігнал – месцы адпачынку. Святы Айцец нагадаў пра важнасць падтрымкі на шляху, які абралі яго госці. Гэтую падтрымку кожны вернік атрымлівае ад Езуса, адчувае Яго прысутнасць у Слове Божым, у Эўхарыстыі. Ён дапамагае, калі мы спатыкаемся на шляху, калі нас адольвае стомленасць і мы спыняемся, каб адпачыць.
Францішак папярэдзіў, што сеяць надзею – не значыць казаць ветлівыя словы ці праяўляць мяккую дабрыню. Гэты шлях – шлях Езуса, які вядзе ў нябесны Ерусалім. Мы не можам рухацца па ім у адзіночку, а толькі ў супольнасці, падтрымліваючы, накіроўваючы і абараняючы адно аднаго, - заўважыў Папа, пажадаўшы семінарыстам, каб Езус быў на іх шляху падтрымкай, а Панна Марыя захоўвала іх.