Францішак на Юбілей камунікацыі: вызваліць зняволеных журналістаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
У кароткай спантаннай прамове Францішак нагадаў, што камунікацыя – гэта сустрэча з іншым, і падкрэсліў важнасць працы журналістаў у сучасным свеце. Затым Францішак уручыў гасцям тэкст загадзя падрыхтаванай прамовы і благаславіў усіх прысутных.
У пісьмовай прамове Святы Айцец падзякаваў гасцям, якія прынялі ўдзел у мерапрыемстве: філіпінскай журналістцы і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Марыі Рэсе, ірландскаму пісьменніку Колуму Маккану, італьянскаму журналісту Марыё Калабрэзі, а таксама музыканту Ута Угі.
Папа нагадаў пра складаны перыяд гісторыі, калі свет пакутуе ад войнаў. Ён падзякаваў журналістам, якія рызыкуюць жыццём дзеля таго, каб данесці праўду пра жахі канфліктах. Ён адзначыў, што 2024 год быў адным з найбольш небяспечных для прадстаўнікоў прэсы.
Святы Айцец заклікаў да вызвалення несправядліва зняволеных журналістаў, фатографаў і відэааператараў. “Хай і для іх таксама адчыніцца брама, праз якую яны змогуць вярнуцца да свабоды, таму што свабода журналістаў павялічвае свабоду ўсіх нас. Іх свабода – гэта наша свабода. Заклікаю – як я ўжо рабіў некалькі разоў, і як гэта рабілі мае папярэднікі да мяне, - да абароны свабоды прэсы і свабоды думкі разам з фундаментальным правам на інфармацыю”, - напісаў ён.
Папа падкрэсліў, што “журналістыка – гэта больш, чым прафесія, гэта пакліканне і місія”. Ключавая роля журналіста ў грамадстве – паведамляць факты і вызначаць тое, як іх паведамляюць. Мова і інтанацыі могуць стаць вырашальнымі. Камунікацыя можа як будаваць масты і адчыняць дзверы, так і, наадварот, ствараць падзелы, узмацняць рознагалоссі, палярызацыю, і спрашчаць рэальнасць.
“На вас ляжыць асаблівая адказнасць. Ваша задача вельмі каштоўная. Вашы інструменты ў гэтай прафесіі – словы і выявы. Але перш за ўсё – вывучэнне і разважанне, здольнасць бачыць і слухаць, паставіць сябе на месца маргіналізаваных, тых, каго ніхто не бачыць і не чуе, а таксама адрадзіць у сэрцах чытачоў, слухачоў і гледачоў разуменне дабра і зла”, - звярнуўся да журналістаў Францішак.
Каб пачаць перамены, неабходныя для пераадолення хлусні і нянавісці, патрабуецца мужнасць. Святы Айцец нагадаў, што слова мужнасць (courage) паходзіць ад лацінскага cor (сэрца). “Менавіта ўнутраны парыў, сіла, якая зыходзіць ад сэрца, дазваляе нам супрацьстаяць цяжкасцям і выклікам, не паддаючыся страху”, - падкрэсліў ён.
Папа раскрытыкаваў залежнасць ад сацыяльных сетак і пастаяннае пракручванне стужкі навін. Ён заклікаў да барацьбы з гэтай "хваробай" шляхам адукацыі, павышэння медыяграматнасці і крытычнага мыслення.
Пантыфік паразважаў над важнай роляй апавядання гісторый. Ён заклікаў журналістаў не толькі паведамляць пра зло, але і пакідаць прастору для надзеі, магчымасці выпраўлення таго, што было пашкоджана. "Апавядаць пра надзею – гэта значыць бачыць крошкі дабра нават там, дзе, здаецца, усё страчана", - сказаў ён.
Grazie per aver letto questo articolo. Se vuoi restare aggiornato ti invitiamo a iscriverti alla newsletter Clicca Qui