Пантыфік: Юбілей – нагода распачаць новае жыццё з Богам

Юбілей – гэта шчаслівая нагода для духоўнага абнаўлення, калі кожны чалавек можа пачаць новы этап свайго жыцця, кіруючыся евангельскімі благаслаўленнямі, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа даў старт Юбілейным аўдыенцыям для пілігрымаў, якія прыбываюць у Рым з розных часткак свету з нагоды Святога года. Такія сустрэчы будуць праводзіцца два разы на месяц па суботах. Першая з іх адбылася раніцай 11 студзеня 2025 года ў ватыканскай Зале Паўла VI.

Францішак зазначыў, што Юбілей з’яўляецца новым пачаткам, магчымасцю для кожнага чалавека пачаць усё ад Бога. “Разам з Юбілеем распачынаецца новае жыццё, новы этап”, - дадаў ён.

Папа сказаў, што падчас Юбілейных аўдыенцый хацеў бы паразважаць над рознымі аспектамі цноты надзеі. Ён нагадаў, што гаворка ідзе не пра навык ці рысу характара, але пра сілу, якая паходзіць ад Бога і аб якой трэба прасіць у малітве. “Для гэтага мы становімся пілігрымамі: прыходзім прасіць аб дары, каб нанава пачаць жыццёвы шлях”, - сказаў Святы Айцец.

У кантэксце свята Хросту Пана, якое будзе адзначацца 12 студзеня, Пантыфік указаў на постаць Яна Хрысціцеля, як на “вялікага прарока надзеі”. Яго веліч, аднак, не была звязана з месцам у свеце, а з прыналежнасцю да Божага Вадарства, - патлумачыў Папа.

Францішак заўважыў, што Ян Хрысціцель заклікаў прайсці праз воды Ярдану, каб увайсці ў Абяцаную зямлю новага жыцця. Падобны жэст могуць зрабіць вернікі, праходзячы праз Святую Браму, - дадаў ён, заклікаючы пілігрымаў прыняць запрашэнне распачаць новае жыццё з Богам, наследуючы прыклад Езуса і кіруючыся законам евангельскіх благаслаўленняў, які дае новы погляд на жыццё і шчасце.

“Давайце спытаемся ў сябе: ці ёсць у мяне сапраўднае жаданне пачаць усё спачатку? Ці ёсць у мяне жаданне вучыцца ў Езуса, які па-сапраўднаму вялікі? У Валадарстве Божым самы малы – вялікі”, - сцвердзіў Пантыфік, заклікаючы паўстаць на шлях служэння, братэрскай любові, прызнаць сябе малымі, а таксама заўважаць самых малых, чуць іх і станавіцца іх голасам. “Вось новы пачатак, вось наш Юбілей”, - завяршыў катэхезу Францішак, пасля чаго заклікаў вернікаў не забываць маліцца за мір у свеце.
 

11 студзеня 2025, 10:14