Папа Францішак і бэнэдыктынскі манах. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і бэнэдыктынскі манах. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак нагадаў пра духоўную спадчыну айца Праспера Геранжэ

Папа нагадаў пра актуальнасць для Касцёла двух аспектаў дзейнасці Слугі Божага Праспера Геранжэ – вернасць Святому Пасаду і Наступніку Пятра, асабліва ў галіне літургіі, і духоўнае бацькоўства.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

30 студзеня 2025 года Францішак скіраваў пасланне з нагоды 150-годдзя з дня смерці айца Праспера Геранжэ – французскага бэнэдыктынскага манаха, заснавальніка Салемскага абацтва і Салемскай кангрэгацыі Ордэна святога Бэнэдыкта. Законнік першым здолеў аднавіць манаскае жыццё ў Францыі, знішчанае ў выніку Французскай рэвалюцыі, напісаў шматтомную працу аб каталіцкай літургіі, быў абаронцам догматаў аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі і беспамылковасці Папы, пакінуў пасля сябе важныя творы ў абарону свабоды Касцёла.

Пантыфік падкрэсліў два аспекты дзейнасці айца Геранжэ, якія адпавядаюць сучасным патрэбам Касцёла: вернасць Святому Пасаду і Наступніку Пятра, асабліва ў галіне літургіі, і духоўнае бацькоўства.

Папа нагадаў, што айцец Геранжэ быў адным з заснавальнікаў літургічнага руху, цудоўным плёнам якога стала Канстытуцыя Sacrosanctum Concilium Другога Ватыканскага Сабору. Ён паспрыяў вяртанню французскіх дыяцэзій да адзінства рымскай літургіі, а сваёй працай Літургічны год зрабіў даступнымі для святароў і свецкіх вернікаў прыгажосць і багацце літургіі, як “галоўнай крыніцы хрысціянскай духоўнасці”.

“Няхай жа прыклад айца Геранжэ абудзіць у сэрцах усіх ахрышчаных любоў да Хрыста і Яго Нявесты, а таксама сыноўскі давер і паслухмянае супрацоўніцтва cum Petro et sub Petro, каб Касцёл, верны сваёй жывой Традыцыі, мог працягваць узносіць “адну і тую ж малітву, здольную выражаць яго адзінства”, - напісаў Святы Айцец.

Гаворачы пра практыкаванне айцом Геранжэ духоўнага бацькоўства, Францішак адзначыў, што гэты французскі бэнэдыктын быў “уважлівым да таго, што Святы Дух здзяйсняе ў душах” і “жадаў толькі аднаго: дапамагаць ім у іх пошуках Бога”.

Пантыфік адзначыў, што лагодны і радасны давер да Бога, які меў айцец Геранжэ здолеў крануць сэрцы многіх законнікаў, законніц і свецкіх вернікаў, якія звярталіся да яго па духоўныя парады. “У гадзіны міру, як і ў дні нягод, усе знаходзілі ў ім умацаванне альбо аднаўленне сваёй веры, любоў да малітвы і Касцёла. Няхай яго прыклад паслухмянасці Святому Духу і служэння натхняе і вядзе вялікую колькасць вернікаў па шляхах Пана, “ціхага і пакорнага сэрцам”, - пажадаў Папа.
 

30 студзеня 2025, 11:21