Францішак і Джо Байдэн. Архіўнае фота (29 кастрычніка 2021 года) Францішак і Джо Байдэн. Архіўнае фота (29 кастрычніка 2021 года)  (AFP or licensors)

Байдэн узнагародзіў Папу Прэзідэнцкім медалём Свабоды

11 студзеня 2025 года Францішак размаўляў па тэлефоне з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Палітык паведаміў Папу пра рашэнне ўзнагародзіць яго Прэзідэнцкім медалём Свабоды з адзнакай – адной з дзвюх вышэйшых узнагарод ЗША для грамадзянскіх асоб.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец і Джо Байдэн планавалі сустрэцца 9 студзеня ў Ватыкане, але падарожжа амерыканскага лідара ў Еўропу было адменена з прычыны маштабных пажараў у Каліфорніі.

19 снежня 2024 года Папа і Байдэн размаўлялі па тэлефоне, галоўным чынам абмяркоўваючы пытанні, звязаныя з правамі чалавека. У прыватнасці, Пантыфік выказаў заклапочанасць лёсам вязняў, асуджаных у ЗША да смяротнага пакарання. Пасля гэтай размовы Байдэн прыняў рашэнне замяніць на пажыццёвае зняволенне прысуды 37 мужчынам і жанчынам, якія чакалі пакарання ў федэральных турмах.

Медаль для Пантыфіка Джо Байдэн перадаў Апостальскаму нунцыю ў ЗША, кардыналу Крыстофу П’еру. У адмысловым камюніке Белага дома паведамляецца: “У маладосці Хорхэ Бэрголіа займаўся навуковай кар’ерай, але вера прывяла яго да ўступлення ў ордэн езуітаў. На працягу дзесяцігоддзяў ён служыў пазбаўленым голасу і безабаронным па ўсёй Аргенціне. Узышоўшы на Пасад святога Пятра, Францішак працягнуў сваю місію на карысць бедных. Як любячы пастыр, ён з радасцю адказвае на пытанні дзяцей пра Бога. Натхняючы настаўнік, ён заклікае нас змагацца за мір і абараняць планету. Дружалюбны лідар, ён звяртаецца да прадстаўнікоў розных канфесій. Будучы першым Папам з Паўднёвага паўшар’я, Францішак адрозніваецца ад сваіх папярэднікаў. У першую чаргу, ён – Папа з народу: святло веры, надзеі і любові, якое яскрава свеціць ва ўсім свеце”.

Францішак не першы Папа, які атрымаў такую высокую ўзнагароду ад прэзідэнта Злучаных Штатаў. У 2004 годзе тагачасны амерыканскі лідар Джордж Буш уручыў Прэзідэнцкі медаль Свабоды Яну Паўлу II.
 

12 студзеня 2025, 11:01