Папа выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю архіепіскапа Анастаса
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Айцец адзначыў асаблівую ролю спачылага іерарха ў адраджэнні праваслаўнай веры ў Албаніі пасля перыяду дзяржаўнага атэізму і праследаванняў. У лісце да Мітрапаліта Корчы Іаана, часовага кіраўніка Праваслаўнай Царквы Албаніі, Папа падкрэсліў, што вера праваслаўнай супольнасці Албаніі была ўвасоблена ў жыцці архіепіскапа Анастаса.
"На працягу свайго доўгага жыцця і служэння ў якасці святара і епіскапа ён заўсёды праяўляў глыбокую адданасць Евангеллю, служачы і абвяшчаючы Госпада ў розных геаграфічных і культурных кантэкстах: у Грэцыі, Афрыцы і Албаніі", - адзначае Францішак у спачувальным пасланні, тэкст якога быў апублікаваны Залай Друку Святога Пасада.
Папа ўспамінае сваю сустрэчу з архіепіскапам Анастасам падчас свайго першага Апостальскага падарожжа за межы Італіі і адзначае яго важную ролю ў развіцці міжрэлігійнага дыялогу. "Прыняўшы адказнасць за кіраванне Праваслаўнай Царквой у Албаніі, ён імкнуўся глыбока пранікнуць у сэрцы даручаных яго апецы вернікаў, асабліва ў іх традыцыі і ідэнтычнасць, ніколі не губляючы еднасці з іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі", - піша Святы Айцец.
Францішак прыгадвае, як пры першым прыбыцці ў Албанію некаторыя святары віталі архіепіскапа Анастаса велікодным прывітаннем па-грэчаску "Хрыстос Анэсці!", на што ён адказаў па-албанску, праяўляючы палкае жаданне жыць са сваім народам і сведчыць пра Божую любоў сярод тых, хто шмат пацярпеў.
У заключэнні Папа моліцца, каб праз міласэрнасць Усемагутнага Бога Айца архіепіскап Анастас "вечна праслаўляў Найсвяцейшую Тройцу разам з усімі вызнаўцамі веры і пастырамі, якія абвяшчалі слова збаўлення народам паўсюль і ва ўсе часы".