Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Дзень нараджэння Папы: 88 гадоў служэння і планы на будучыню

Францішак адзначае 17 снежня 2024 года 88-годдзе, застаючыся актыўным лідарам Касцёла. Нягледзячы на праблемы са здароўем, ён гатовы да новых выклікаў у 2025 годзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сёння на святочным торце Папы з'явіцца лічба 88. Хасэ Марыа Берголіа, які паходзіць з Аргенціны і кіруе Каталіцкім Касцёлам з 1,4 мільярдамі вернікаў з сакавіка 2013 года, вядомы сваім характэрным пачуццём гумару і асаблівай увагай да чалавека. У кастрычніку ён усталяваў гістарычны рэкорд, стаўшы другім найстарэйшым Пантыфікам у гісторыі Касцёла.

"Маліцеся за мяне, бо мая праца значна паскорылася, а мой матацыкл набірае гады і ўжо не працуе так добра", - такімі словамі Папа нядаўна звярнуўся да прадстаўнікоў італьянскай матацыклетнай асацыяцыі падчас аўдыенцыі. Нягледзячы на відавочныя праблемы са здароўем, Францішак захоўвае надзвычайную актыўнасць і працаздольнасць.

Штодзённы графік Папы пачынаецца вельмі рана - ён устае каля 4.00 і дзень пачынае з малітвы. Апошнія месяцы былі асабліва напружанымі: у верасні ён здзейсніў самую доўгую паездку свайго пантыфікату ў рэгіён Азіі і Ціхага акіяна, якая доўжылася амаль два тыдні. Следам адбыўся чатырохдзённы візіт у Люксембург і Бельгію, а таксама аднадзённы візіт на французскі востраў Корсіка.

Варта адзначыць, што ўжо каля двух з паловай гадоў Францішак карыстаецца інваліднай каляскай – прычынай сталі праблемы з каленам. У чэрвені 2023 года ён перанёс аперацыю на брушной поласці, а таксама неаднаразова змагаўся з цяжкай прастудай.

Наперадзе ў Святога Айца надзвычай напружаны год. 24 снежня 2024 года ён адкрые Святы 2025 год, які, паводле чаканняў, прыцягне ў Рым каля 30 мільёнаў пілігрымаў. Гэта падзея прадугледжвае шматлікія набажэнствы, сустрэчы і мерапрыемствы, што з'яўляецца сур'ёзным выклікам для чалавека сталага ўзросту. Акрамя таго, чакаецца важны візіт у Турцыю з нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабора, на якім было ўсталявана экуменічнае веравызнанне.

Францішак працягвае актыўна ўвасабляць у жыццё рэформы Каталіцкага Касцёла, чарговым этапам якіх стаў кастрычніцкі Сінод Біскупаў. Ён застаецца верным сваёй канцэпцыі абнаўлення Касцёла і імкнецца да большай адкрытасці і дыялогу.

Нарадзіўшыся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе ў сям'і італьянскіх эмігрантаў, езуіт Берголіа кіраваў архідыяцэзіяй аргенцінскай сталіцы з 1998 па 2013 год. 13 сакавіка 2013 года ён быў абраны Пантыфікам пасля гістарычнага рашэння Бэнэдыкта XVI пакінуць папскі пасад. Каб параўнацца з узростам свайго папярэдніка Льва XIII, які пражыў 93 гады і памёр 20 ліпеня 1903 года, Францішку давялося б кіраваць Касцёлам да 7 мая 2030 года.
 

17 снежня 2024, 09:13