Францішак адчыніў Святую Браму ў рымскай турме
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Падчас урачыстасці ў пенітэнцыярнай установе Францішак падкрэсліў сімвалічнае значэнне гэтай падзеі. Святы Айцец адзначыў, што першую Святую Браму ён адкрыў у Бзіліцы Святога Пятра на Божае Нараджэнне, але другая павінна была існаваць менавіта ў турме.
"Я хацеў, каб кожны з нас, усе, хто знаходзіцца тут унутры, а таксама звонку, мелі магчымасць адкрыць насцеж дзверы сэрца і зразумець, што надзея не падводзіць", - сказаў Папа.
У імправізаванай гаміліі падчас Эўхарыстыі Святы Айцец заклікаў вязняў і супрацоўнікаў турмы да адкрытасці сэрцаў. Ён падкрэсліў, што калі сэрца закрытае, яно становіцца зацвярдзелым і забывае пра пяшчоту. "Нават у самых цяжкіх сітуацыях заўсёды майце адкрытае сэрца. Менавіта сэрца робіць нас братамі. Адкрыйце шырока дзверы сэрца!" - заклікаў Пантыфік.
Пасля благаслаўлення Францішак яшчэ раз заахвоціў вязняў трымацца надзеі і захоўваць адкрытасць сэрцаў. Ён таксама прыняў падарункі і пагутарыў з некаторымі вязнямі і супрацоўнікамі італьянскай пенітэнцыярнай сістэмы.