Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Boléro, per orchestra
Расклад Падкасты

Папа Касцёлу ў Бельгіі: нясіце Евангелле, радасць і міласэрнасць

Святы Айцец пажадаў, каб Касцёл у Бельгіі быў супольнасцю, якая евангелізуе, жыве радасцю Евангелля і практыкуе міласэрнасць, якая перамяняе жыцці і сэрцы людзей.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак правёў сустрэчу з бельгійскім духавенствам, кансэкраванымі асобамі і свецкімі душпастырскімі работнікамі. Яна адбылася раніцай 28 верасня 2024 года ў базіліцы Найсвяцейшага Сэрца – нацыянальным санктуарыі, які месціцца ў брусельскім раёне Кукельберг і з’яўляецца адным з пяці самых вялікіх каталіцкіх храмаў у свеце. Святы Айцец выслухаў некалькі сведчанняў, пасля чаго звярнуўся да прысутных са зваротам, які прысвяціў тром галоўным тэмам: евангелізацыі, радасці і міласэрнасці.

Прыярытэт – вяртанне да Евангелля

Францішак заўважыў, што эпахальныя перамены і крызіс веры на Захадзе падштурхоўваюць вярнуцца “да самага істотнага – гэта значыць да Евангелля”. Ён падкрэсліў, што кожны крызіс – гэта “каштоўная магчымасць”, якая даецца для таго, каб зварухнуць і перамяніць нас, дазваляючы нам адкрыць для сябе сцежкі Святога Духа.

У час, калі хрысціяне сталі меншасцю ад іх патрабуецца сведчанне, а гэта вымагае “адвагі касцёльнага навяртання, каб запусціць тыя душпастырскія перамены, якія тычацца таксама звычаяў, мадэляў, моў веры, каб яны па-сапраўднаму служылі евангелізацыі”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак пажадаў, каб святары “не абмяжоўваліся захаваннем і кіраваннем спадчынай мінулага”, але былі “пастырамі, закаханымі ў Езуса Хрыста”, якія крочаць разам з Божым народам. Ён падкрэсліў важнасць адкрытасці на тых, хто непадобны да нас, і пошуку гармоніі ў разнастайнасці, бо ў Касцёле ёсць месца для ўсіх.

“Сінадальны працэс павінен быць вяртаннем да Евангелля; яго прыярытэтам не павінна быць нейкая модная рэформа, але пытанне: як можам данесці Евангелле ў грамадства, якое больш не слухае яго ці аддалілася ад веры?”, - сказаў Папа, заклікаючы ўсіх задумацца над гэтым пытаннем.

Радасць – знак Божай ласкі

Святы Айцец пажадаў, каб жыццё і служэнне духавенства было напоўнена радасцю, што паходзіць ад Бога і падтрымлівае ў цёмныя і цяжкія хвіліны. Ён працытаваў словы Ёзэфа Ратцынгера, які, задоўга да таго, як стаць Папам, пісаў, што там, дзе адсутнічае радасць і памірае гумар, там няма таксама і Святога Духа, бо радасць – знак ласкі.

“Няхай ваша прапаведаванне, вашы цэлебрацыі, вашай служэнне і апостальства выпраменьвае сардэчную радасць, бо гэта выклікае пытанні і прываблівае таксама тых, хто далёка”, - сцвердзіў Папа, падкрэсліваючы таксама, што вернасць – “шлях да шчасця”.

Сустрэча з міласэрнасцю змяняе сэрца і жыццё

Пантыфік адзначыў, што слуханне Евангелля і дзяленне ім напаўняе радасцю, бо дазваляе зразумець, што Бог – гэта міласэрнасць, а Яго любоў не прамінае ніколі. Ён падкрэсліў, што спазнанне міласэрнасці Бога дорыць новае сэрца і новае жыццё, таму заклікаў быць міласэрнымі перад абліччам пакут ахвяр злоўжыванняў і дапамагаць ім, а таксама несці міласэрнасць падчас служэння ў турмах. Ён нагадаў, што “ніхто не згублены назаўсёды”, а “пакаранне павінна быць лекам, павінна весці да аздараўлення”.

“Трэба дапамагаць людзям узняцца і знайсці свой шлях у жыцці і грамадстве. Давайце будзем памятаць: мы ўсе можам памыліцца, але ніхто не з’яўляецца памылкай, ніхто не згублены назаўсёды. Міласэрнасць, заўсёды міласэрнасць”, - сказаў Святы Айцец.

Напрыканцы прамовы Пантыфік пажадаў, каб Касцёл ніколі не замыкаў дзверы перад людзьмі, каб нёс усім адкрытасць на бясконцасць, каб быў здольным глядзець далей. “Гэта і ёсць Касцёл, які евангелізуе, жыве радасцю Евангелля і практыкуе міласэрнасць”, - адзначыў Францішак.
 

28 верасня 2024, 11:05
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930