Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Францішак падчас брыфінгу на борце самалёта. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас брыфінгу на борце самалёта. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Брыфінг Папы: пра Кітай, выбары ў ЗША і глабальныя выклікі

Падчас зваротнага палёту з Сінгапура ў Рым 13 верасня 2024 года Францішак правёў традыцыйную прэс-канферэнцыю для журналістаў, якія суправаджалі яго ў паездцы. Галоўнай тэмай гутаркі стала драматычная сітуацыя ў Сектары Газа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Вайна ў Газе - гэта занадта!", - эмацыйна заявіў Пантыфік, выказваючы глыбокую занепакоенасць лёсам мірнага насельніцтва. Ён падкрэсліў, што колькасць ахвяр у Газе ўжо перавысіла 41 тысячу чалавек. Папа рэзка асудзіў бамбардзіроўкі школ і забойства дзяцей, нават калі ёсць падазрэнні аб прысутнасці там баевікоў. "Гэта жахліва, гэта жахліва", - паўтарыў ён.

Святы Айцец прызнаўся, што штодня звязваецца з каталіцкай парафіяй у Газе, дзе знаходзяцца 600 чалавек – хрысціяне і мусульмане, якія жывуць як браты. Ён расказаў пра цяжкія і жудасныя рэчы, пра якія яму паведамляюць адтуль.

Закранаючы тэму выбараў у ЗША, Францішак адзначыў складанасць выбару для каталікоў паміж кандыдатамі з рознымі пазіцыямі па пытаннях абортаў і міграцыі. Ён падкрэсліў, што абодва пытанні звязаны з паняццем жыцця: "І той, хто выганяе мігрантаў, і той, хто забівае дзяцей, выступаюць супраць жыцця". Пантыфік заклікаў выбарцаў кіравацца сваім сумленнем і выбіраць "меншае зло".

Гаворачы пра Кітай, Папа выказаў задавальненне ходам дыялогу паміж Святым Пасадам і КНР, асабліва ў пытанні прызначэння біскупаў. Ён назваў Кітай "надзеяй і абяцаннем для Касцёла", выказаўшы жаданне наведаць гэту краіну. "Я захапляюся Кітаем, паважаю Кітай. Гэта краіна з тысячагадовай культурай, са здольнасцю да дыялогу і ўзаемаразумення", - адзначыў Францішак.

Пантыфік таксама падзяліўся думкамі пра доўгае падарожжа па краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Ён быў уражаны міжрэлігійнай гармоніяй у Сінгапуры, назваўшы краіну "Нью-Ёркам Усходу". Пра Усходні Тымор Францішак сказаў, што "палюбіў" краіну з яе простай, сямейнай і радаснай культурай. Ён таксама выказаў задавальненне візітам у Інданезію і Папуа-Новую Гвінею, адзначыўшы іх развіццё і культурную разнастайнасць.

Закранаючы пытанне кліматычных змен, Святы Айцец выказаў занепакоенасць тым, што пасля Парыжскага пагаднення 2015 года прагрэс у гэтай сферы запаволіўся. "Шмат гаворыцца, але мала робіцца", - падкрэсліў ён, заклікаючы да больш актыўных дзеянняў у барацьбе са зменай клімату.

Папа таксама закрануў тэму сексуальных злоўжыванняў у Касцёле, падкрэсліўшы неабходнасць выкрыцця такіх выпадкаў і асуджэння вінаватых. "Злоўжыванне – гэта дэманічная рэч, бо яно разбурае годнасць чалавека", - заявіў ён.

У заключэнне Францішак заклікаў да дыялогу і міру ва ўсіх канфліктных сітуацыях, у тым ліку ў Венесуэле. Ён падкрэсліў, што вайна заўсёды з'яўляецца паражэннем для ўсіх бакоў, і заклікаў да братэрства і ўзаемаразумення паміж народамі.

Што тычыцца магчымага візіту ў Аргенціну, Папа адзначыў, што гэта пытанне пакуль не вырашана, хоць ён і хацеў бы наведаць сваю Радзіму.
 

13 верасня 2024, 18:40
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930