Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE

Святы Айцец: быць песнярамі надзеі ў свеце

Свет, Касцёл і кожны з нас патрабуе надзеі, - падкрэсліў Пантыфік падчас малітвы Нешпараў, якую ўзначаліў 9 мая 2024 года ў Ватыкане з нагоды ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак заўважыў, што Унебаўшэсце – гэта не адыход Хрыста ад нас, а спаўненне Яго місіі. “Езус сышоў да нас, каб дапамагчы нам узысці да Айца; Ён спусціўся ўніз, каб узняць нас на вышыню; Ён сышоў у глыбіні зямлі, каб Неба магло раскрыцца над намі. Ён знішчыў нашу смерць, каб мы маглі атрымаць вечнае жыццё. Гэта фундамент нашай надзеі: Хрыстус, які ўзышоў на Неба і нясе ў сэрца Бога нашу чалавечнасць, поўную чаканняў і пытанняў”, - сказаў Папа.

Пантыфік патлумачыў, што хрысціянская надзея – гэта “не просты чалавечы аптымізм ці эфемернае чаканне, звязанае з зямнымі гарантыямі”, а “рэальнасць, якая ўжо споўнілася ў Езусе” і кожны дзень дорыцца нам.

“Хрысціянская надзея падтрымлівае нас на жыццёвым шляху, нават калі ён становіцца балючым і цяжкім, яна адкрывае перад намі дарогі ў будучыню, калі расчараванне і песімізм хацелі б зрабіць з нас нявольнікаў; яна паказвае магчымае дабро, калі здаецца, што пераважае зло; яна напаўняе нас спакоем, калі сэрца абцяжарана паразай і грахом; яна дапамагае нам марыць пра новае чалавецтва і робіць мужнымі ў будаванні братэрскага і мірнага свету, калі здаецца, што больш не варта намагацца”, - запэўніў Святы Айцец.

Францішак заклікаў маліцца аб тым, каб стаць “песнярамі надзеі ў свеце”, пазначаным вялікай роспаччу. “З дапамогай жэстаў, слоў, штодзённых рашэнняў, праз цярплівасць, з якой сеем крыху прыгажосці і ветлівасці там, дзе знаходзімся, мы хочам спяваць гімн надзеі, каб яе мелодыя прымусіла вібрыраваць струны душы чалавецтва і абудзіла ў сэрцах радасць і адвагу прыняцця жыцця”, - сказаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што надзеі патрабуюць усе. “Яе патрабуе грамадства, у якім мы жывём, часта зануранае толькі ў сучаснасць і няздольнае глядзець у будучыню; яе патрабуе наша эпоха, якая часта стомлена спаўзае ў шэрасць індывідуалізму і “выжывання”; яе патрабуе стварэнне, цяжка параненае і абрабаванае людскім эгаізмам; яе патрабуюць народы і краіны, якія глядзець на заўтрашні дзень, поўныя неспакою і страхаў, у той час як несправядлівасць высакамерна распаўсюджваецца, бедныя спісваюцца ва ўтыль, войны сеюць смерць, бедныя застаюцца напрыканцы спісу і мара пра братэрскі свет рызыкуе застацца міражам. Надзеі патрабуе моладзь, часта дэзарыентаваная, але якая прагне жыць паўнатой; патрабуюць пажылыя людзі, якіх культура эфектыўнасці і адчужэння больш не ўмее паважаць і слухаць; яе патрабуюць хворыя і ўсе зраненыя целам і духам, якія могуць атрымаць палёгку праз нашу блізкасць і клопат”, - сказаў Папа.

Пантыфік перакананы, што надзеі патрабуе Касцёл, які не павінен забываць, што з’яўляецца Нявестай Хрыста – умілаванай вечнай і вернай любоўю, пакліканай захоўваць святло Евангелля, пасланай перадаваць усім полымя, якое Езус прынёс і запаліў у свеце аднойчы і назаўжды.

“Браты і сёстры, надзеі патрабуе кожны з нас: нашы жыцці, часам стомленыя і параненыя, нашы сэрцы, спрагнёныя па праўдзе, дабрыні і прыгажосці, нашы мары, якія не можа пагасіць ніякая цемра. Усё, унутры і знутры нас, кліча надзею і шукае, нават несвядома, блізкасці Бога”, - сказаў Папа. Ён спаслаўся на Рамана Гвардзіні, запэўніваючы ў тым, што ў наш час Бог настолькі блізкі да чалавецтва, як у ніводную іншую эпоху. На завяршэнне гаміліі Францішак выказаў пажаданне, каб “Пан, які ўваскрос і ўзышоў на Неба, адарыў нас ласкай, якая дазволіць нанава адкрыць для сябе надзею, абвяшчаць надзею і ствараць надзею”.

 

09 мая 2024, 19:00
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930