Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Аўдыенцыя для ўдзельнікаў фармацыйных курсаў аб літургіі Аўдыенцыя для ўдзельнікаў фармацыйных курсаў аб літургіі  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Айцец: літургія павінна весці да Хрыста

Давайце дапаможам нашым супольнасцям жыць літургіяй Касцёла, каб кожны спрагнёны мог чэрпаць жывую ваду, якая шчодра выцякае з яе, - заклікаў Пантыфік.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

20 студзеня 2023 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў курса для адказных за літургічныя цэлебрацыі ў розных дыяцэзіях свету, які праходзіў у Папскім інстытуце святога Анзэльма. Ён падкрэсліў, што служэнне цырымоніймайстраў патрабуе не толькі глыбокіх ведаў, але таксама разумення душпастырскіх патрэб. Праз літургію нам “перадаецца Божае жыццё”, яна з’яўляецца “школай нашай душы” і павінна “весці да сустрэчы з пасхальнай таямніцай Хрыста”, - сказаў Францішак.

На думку Пантыфіка, цырымоніймайстар павінен рабіць усё, каб літургія заззяла ў сваёй прыгажосці, прастаце і парадку, а таксама памятаць, што пакліканы супрацоўнічаць з біскупам у служэнні супольнасці. Папа дадаў, што гэта роля вымагае разважлівых і старанных дзеянняў, каб не ставіць “абрад вышэй за тое, што ён выражае, але дапамагаць спасцігнуць яго сэнс і дух”.

“Мы павінны заўсёды мець перад вачыма дабро супольнасці, душпастырства вернікаў, каб весці народ да Хрыста і Хрыста да народа... Калі мы занядбаем гэта, то будзем мець прыгожыя абрады, але без сілы, без смаку, без значэння, бо яны не будуць кранаць сэрца і жыццё Божага народа”, - сказаў Папа, дадаючы, што “цэлебрацыя, якая не евангелізуе, не з’яўляецца сапраўднай цэлебрацыяй”.

Пантыфік нагадаў, што ў першую чаргу самі душпастыры павінны быць прасякнуты духам і моцай літургіі. Ён заклікаў сваіх гасцей спрыяць літургічнай фармацыі святароў і семінарыстаў, параіў ствараць школы літургічнай фармацыі для міністрантаў, а таксама дапамагаць парафіям у належнай арганізацыі літургіі, прапануючы такія формы яе цэлебрацыі, якія будзе магчыма засвоіць. “Маўчаць перад абліччам неахайнай, занядбанай, дрэнна падрыхтаванай літургіі азначае не дапамагаць супольнасцям, не суправаджаць іх”, - сказаў Францішак.

Папа заклікаў таксама клапаціцца пра захаванне цішыні, асабліва перад цэлебрацыямі, каб дапамагчы асамблеі вернікаў і канцэлебрантам засяродзіцца на тым, што будзе здзяйсняцца. “Часта ў сакрыстыях шумна напярэдадні і пасля цэлебрацый, але цішыня адкрывае і рыхтуе нас да таямніцы, дапамагае засвоіць яе, дазваляе адгукнуцца ў нас рэху пачутага Слова. Братэрства, прывітанне адзін аднаго – гэта цудоўна, але менавіта сустрэча з Езусам надае сэнс нашай сустрэчы, нашаму быццю разам. Мы павінны нанава адкрыць для сябе цішыню і шанаваць яе!”, - параіў Пантыфік.

Напрыканцы прамовы Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць належнай падрыхтоўкі гамілій, агульны стан якіх назваў катастрафічным: яны доўгія і нагадваюць лекцыі па філасофіі. На думку Папы, у гаміліі, якую трэба рыхтаваць з малітвай, дастаткова абмежавацца адной думкай ці адным вобразам, каб вернікі маглі нешта ўзяць з яе з сабой дадому. 

20 студзеня 2023, 13:43
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930