Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
salve Regina, Antifona (18 tono)
Расклад Падкасты
Папа падчас святой Імшы ў Эдмантане Папа падчас святой Імшы ў Эдмантане 

Пантыфік заклікаў канадцаў захоўваць лучнасць паміж пакаленнямі

Шанаваць спадчыну пакаленняў, якія папярэднічалі нам, каб будаваць жыццядайную будучыню, - заклікаў Папа падчас святой Імшы, якую 26 ліпеня 2022 года цэлебраваў на Commonwealth Stadium у Эдмантане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У гаміліі Францішак спаслаўся на літургічны ўспамін святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса, у доме якіх Ён напоўніцу адчуў іх блізкасць, пяшчоту і мудрасць. “Давайце таксама і мы падумаем пра нашых дзядуль і бабуль“, - сказаў Папа, заклікаючы паразважаць над тым, што кожны чалавек з’яўляецца “дзіцём гісторыі, якую трэба захоўваць“, і “майстрам гісторыі, якую трэба будаваць“.

Нашы карані, любоў сямейнага асяроддзя “з’яўляюцца часткай унікальнай гісторыі, якая нам папярэднічала і якая стварыла нас”. “Мы не выбралі яе самі, а атрымалі ў дар”, - дадаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што ў гэту каштоўную спадчыну ўваходзяць доблесць, аўтарытэт, інтэлект, творчасць нашых продкаў, а таксама іх справядлівасць, вернасць Богу і Яго волі.

“Мы знаходзімся тут дзякуючы бацькам, але таксама дзякуючы бабулям і дзядулям”, праз якіх “мы даведаліся, што дабрыня, пяшчота і мудрасць – гэта моцныя карані чалавецтва”. “У доме бабуль і дзядуль многія з нас дыхалі водарам Евангелля, сілай веры, якая мае пах дому. Дзякуючы ім мы адкрылі для сябе сямейную, хатнюю веру”, - сцвердзіў Пантыфік, нагадваючы, што вера павінна перадавацца “на дыялекце”, праз ласкавасць і падтрымку, клопат і блізкасць, а не праз абмежаванні ці пазбаўленне ўнутранай свабоды. Ён заклікаў хрысціян вучыцца ніколі не прыгнятаць чужое сумленне, не пазбаўляць свабоды людзей, а ў першую чаргу заўсёды любіць і шанаваць тых, хто быў перад намі, і перадаў нам каштоўныя скарбы гісторыі.

Прымаючы важныя рашэнні, мы павінны задавацца пытаннем, што зрабілі б нашыя знаёмыя мудрыя старцы, што параілі б нашы дзядулі і бабулі, - прапанаваў Святы Айцец. Ён заклікаў клапатліва ставіцца да атрыманай спадчыны, памятаць добрыя настаўленні старэйшых, размаўляць з імі, знаходзіць час, каб слухаць іх, а таксама параіў мець у дамах асаблівае, годнае месца – “маленькую сямейную святыню” з памяткамі, выявамі, Бібліяй ці ружанцам нашых продкаў. Маліцца разам з імі і ў адзінстве з імі, прысвячаць час успамінам, захоўваць іх спадчыну, клапаціцца пра карані – менавіта “так расце дрэва і ствараецца будучыня”, - запэўніў Францішак.

Папа падкрэсліў таксама, што кожны чалавек з’яўляецца “майстрам гісторыі, якую трэба будаваць”. “Продкі, ад якіх паходзім, старыя, якія марылі, спадзяваліся і ахвяравалі сабой дзеля нас, задаюць нам фундаментальнае пытанне: якое грамадства вы жадаеце пабудаваць? Мы атрымалі шмат з рух тых, хто нам папярэднічаў: што хочам перадаць нашым нашчадкам? Жывую веру ці “ружовую вадзіцу”? Грамадства асабістай выгады ці братэрства? Мірны свет ці вайну? Знішчанае стварэнне ці гасцінны дом?”, - спытаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што жыццядайны рух ідзе ад каранёў да галінаў, а сапраўдная традыцыя выяўляецца ў вертыкальным вымярэнні – знізу ўверх. Таму, абапіраючыся на свае карані, мы павінны прыносіць плёны і сеяць новыя зерні ў гісторыі.

“Няхай святыя Яўхім і Ганна заступаюцца за нас: няхай дапамагаюць нам клапатліва захоўваць гісторыю, якая стварыла нас, і будаваць жыццядайную гісторыю. Няхай яны нагадваюць нам пра духоўную каштоўнасць шанавання бабуль, дзядуль і старыкоў, няхай вучаць цаніць іх прысутнасць, каб будаваць лепшую будучыню, у якой пажылых не спісваюць ва ўтыль як “ужо непатрэбных”; будучыню, дзе не ацэньваюць людзей толькі на падставе таго, колькі яны могуць вырабіць; будучыню, не абыякавую да таго, хто зараз, у сталым узросце, патрабуе больш часу, слухання і ўвагі; будучыню, у якой не паўтараецца гісторыя насілля і маргіналізацыі, якая прымусіла пакутаваць карэнныя народы. Такая будучыя стане магчымай, калі з Божай дапамогай мы не разарвём сувязь з тымі, што ішоў перад намі, і калі будзем умацоўваць дыялог з тымі, хто прыйдзе пасля нас: маладымі і старыкамі, бабулямі і дзядулямі, унукамі – усе разам. Будзем жа ісці наперад і марыць разам”, - заклікаў Папа на заканчэнне гаміліі.

ВІДЭА | Святая Імша на Commonwealth Stadium
26 ліпеня 2022, 19:46
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930