Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
ЮТРАНЬ НА ЛАЦІНСКАЙ МОВЕ
Расклад Падкасты
Аўдыенцыя для членаў Англіканска-каталіцкай міжнароднай камісіі Аўдыенцыя для членаў Англіканска-каталіцкай міжнароднай камісіі 

Святы Айцец: шлях да адзінства патрабуе абмену дарамі

Пошук больш глыбокага адзінства, не можа не быць абменам дарамі ў пакоры і праўдзе, - сказаў Папа 13 мая 2022 года падчас сустрэчы з членамі Англіканска-каталіцкай міжнароднай камісіі (ARCIC).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Спасылаючыся на назву сумеснай дэкларацыі “Ісці разам па шляху” (Walking Together on the Way), выдадзенай Камісіяй у маі 2017 года, Пантыфік заўважыў, што ісці разам, значыць “пакінуць тое, што раздзяляе” і “трымаць позірк на Езусе і на мэце, якой Ён прагне і якую ўказвае нам: мэце бачнага адзінства паміж намі”. “Гэта адзінства, якое павінна быць прынята з пакорай, як ласка Духа, і якое трэба развіваць на шляху, узаемна падтрымліваючы адзін аднаго”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што “экуменічны дыялог – гэта шлях”, а значыць нешта “нашмат большае, чым проста сумесныя размовы”: гаворка ідзе пра тое, каб “знаёміцца асабіста, і не толькі праз кнігі; мець агульныя мэты і цяжкасці; пэцкаць рукі, разам дапамагаючы параненым братам і сёстрам, выкінутым на ўзбочыны дарог свету; сузіраць адзіным позіркам і сумесна ахоўваць стварэнне, якое акружае нас; падтрымліваць у цяжкасцях дарогі”.

Папа нагадаў пра сінадальны шлях, які пачаўся ў Каталіцкім Касцёле, выказваючы пажаданне, каб Англіканская Царква зрабіла свой унёсак у рамках гэтага працэсу. “Мы ўспрымаем вас як каштоўных спадарожнікаў”, - запэўніў Пантыфік.

Святы Айцец заўважыў, што важным этапам сумеснага шляху англікан і католікаў стане падарожжа ў Паўднёвы Судан, якое ён здзейсніць разам з Архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі і Мадэратарам Царквы Шатландыі Джымам Уолесам.

Пантыфік зазначыў, што “ўсялякі пошук больш глыбокага адзінства, не можа не быць абменам дарамі”, які патрабуе пакоры і праўды. “Гэта першы крок: не клапаціцца пра тое, каб выглядаць прыгожа і бяспечна перад братам”, але “з адкрытым сэрцам паказаць яму тое, кім з’яўляемся на самой справе”.

“Грахі, якія прывялі да нашых гістарычных падзелаў, могуць быць пераадолены выключна ў пакоры і праўдзе, пачынаючы ад адчування болю за ўзаемныя раны і патрэбы ў тым, каб дарыць і прымаць прабачэнне”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што “кожны сапраўдны дар прадугледжвае самаадрачэнне, патрабуе празрыстасці і адвагі, здольнасці адкрывацца на прабачэнне”. “Толькі так можа ўвайсці ў сугучча са Святым Духам, Божым дарам, Тым, які дорыць сябе нам, каб аднавіць гармонію, бо сам з’яўляецца гармоніяй, якая ў адзінстве прымірае адметнасці”, -дадаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што дары Святога Духа ніколі не прызначаюцца для “экслюзіўнага карыстання тымі, хто іх прымае”, але з’яўляюцца “благаслаўленнямі для ўсяго Божага народа”. “У абмене дарамі мы пазнаём, што не можам быць самадастатковымі, без ласкі, дадзенай іншым”, - сказаў Папа на завяршэнне прамовы.
 

13 мая 2022, 11:10
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031