Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Папа падчас благаслаўляння Urbi et Orbi Папа падчас благаслаўляння Urbi et Orbi 

Urbi et Orbi: Божае Нараджэнне заклікае да дыялогу і прымірэння

Пра ахвяр войнаў, канфліктаў і насілля, а таксама пра палонных і зняволеных па палітычных матывах, узгадаў Святы Айцец 25 снежня 2021 года ў калядным пасланні перад благаслаўленнем Urbi et Orbi.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прапануем вашай увазе поўны тэкст паслання Святога Айца:

“Дарагія браты і сёстры, шчаслівых святаў Божага Нараджэння! Слова Бога, які стварыў свет і дае сэнс гісторыі і шляху чалавека, уцелавілася і прыйшло, каб пасяліцца сярод нас. Яно з’явілася як шэпт, як шолах лагоднага ветру, каб напоўніць здзіўленнем сэрца кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, якія адрываюцца на таямніцу.

Слова сталася целам, каб размаўляць з намі. Бог не хацеў весці маналог, але дыялог, бо сам Бог, Айцец і Сын, і Дух Святы – гэта дыялог, вечнае і бясконцае адзінства любові і жыцця.

Прыходзячы ў свет у Асобе ўцелаўлёнага Слова, Бог указаў нам шлях сустрэчы і дыялогу. Больш за тое, Ён сам уцелавіў гэты Шлях у сабе, каб мы маглі яго пазнаць і прайсці ім з даверам і надзеяй.

Сёстры, браты, “як выглядаў бы наш свет без цярплівага дыялогу шматлікіх велікадушных людзей, якія з’ядналі сем’і і супольнасці?” (Fratelli tutti, 198). У актуальны перыяд пандэміі мы яшчэ больш усведамляем гэта. Наша здольнасць устанаўліваць сацыяльныя адносіны падвяргаецца цяжкаму выпрабаванню; умацоўваецца тэндэнцыя закрывацца ў сабе, рабіць самастойна, адмаўляцца ад таго, каб выходзіць, сустракацца, нешта рабіць разам. Таксама і на міжнародным узроўні ёсць рызыка таго, што не будзем мець жадання размаўляць паміж сабой, рызыка таго, што крызіс схіліць нас да абрання кароткіх шляхоў замест доўгіх сцежак дыялогу; але толькі дыялог дае магчымасць вырашыць канфлікты і дасягнуць супольнай і доўгатрывалай выгады.

Сапраўды, у той час як вакол нас і па ўсім свеце гучыць абвяшчэнне пра нараджэнне Збаўцы, крыніцы сапраўднага спакою, мы яшчэ бачым шмат канфліктаў, крызісаў і супрацьстаянняў. Здаецца, што яны не завершацца ніколі і мы амаль не заўважаем іх. Мы прызвычаіліся да іх да такой ступені, што ўжо абмінаем маўчаннем велізарныя трагедыі. Мы рызыкуем не пачуць крык болю і роспачы многіх нашых братоў і сясцёр.

Падумаем пра сірыйскі народ, які ўжо больш за дзесяць гадоў перажывае вайну, што прывяла да мноства ахвяр і незлічонай колькасці бежанцаў. Паглядзім на Ірак, якому ўсё яшчэ цяжка падняцца на ногі пасля доўгага канфлікту. Пачуем крык дзяцей, які ўзыходзіць з Емену, дзе ўжо некалькі гадоў пры маўчанні трывае страшная, забытая ўсімі трагедыя, несучы смерць кожны дзень.

Узгадаем пра няспынную напружанасць паміж ізраільцянамі і палестынцамі, якая працягваецца без вырашэння, з усё больш сур’ёзнымі грамадскімі і палітычнымі наступствамі. Давайце не забудзем пра Бэтлеем, горад, дзе нарадзіўся Езуса, які таксама перажывае цяжкія часы па прычыне эканамічных праблем, выкліканых пандэміяй, якая робіць немагчымым прыбыццё пілігрымаў у Святую Зямлю, што адмоўна ўплывае на жыццё мясцовага насельніцтва. Падумаем пра Ліван, які пакутуе ад беспрэцэдэнтнага крызісу і мае вельмі трывожную эканамічную і грамадскую сітуацыю.

Але вось, сярод ночы, з’яўляецца знак надзеі! Сёння “Любоў, якая прыводзіць у рух сонца і зоркі” (Рай, ХХХIII, 145), як казаў Дантэ, сталася целам. Ён прыйшоў у чалавечай постаці, раздзяліў з намі нашы драмы і прабіўся праз мур нашай абыякавасці. У холадзе ночы працягнуў да нас свае малыя ручкі: патрабуе ўсяго, але прыходзіць, каб даць нам усё. Давайце папросім Яго аб сіле, каб адкрыцца на дыялог. У гэты святочны дзень давайце будзем прасіць Яго, каб абудзіў у сэрцах усіх тугу па прымірэнні і братэрстве. Да Яго скіруем нашу малітву.

Дзіцятка Езус, адары супакоем і згодай Блізкі Усход і ўвесь свет. Падтрымай тых, хто займаецца аказаннем гуманітарнай дапамогі людзям, вымушаным уцякаць са сваёй радзімы; суцеш афганскі народ, якія ўжо больш за сорак гадоў цяжка пакутуе ад канфліктаў, што прымусілі мноства пакінуць сваю бацькаўшчыну.

Валадар народаў, дапамажы палітычным уладам прымірыць грамадствы, узрушаныя напружанасцю і канфліктамі. Падтрымаць народ М’янмы, дзе нецярпімасць і насілле нярэдка ўдараюць таксама і па хрысціянскай супольнасці і месцах культу, робячы цьмянымі мірныя абліччы яе жыхароў.

Будзь святлом і падтрымкай для тых, хто верыць і працуе, нават ідучы супраць плыні, на карысць сустрэчы і дыялогу, і не дазволь, каб ва Украіне распаўсюдзіліся злаякасныя метастазы канфлікту.

Князь супакою, дапамажы Эфіопіі знайсці шляхі да прымірэння і супакою праз шчыры дыялог, у якім на першым месцы будуць патрэбы насельніцтва. Пачуй крык людзей рэгіёну Салех, якія пакутуюць ад насілля з боку міжнароднага тэрарызму. Звярні ўвагу на народы краін Паўночнай Афрыкі, змучаных ад падзелаў, беспрацоўя і эканамічнай няроўнасці. Суцеш пакуты мноства братоў і сясцёр, якія церпяць ад унутраных канфліктаў у Паўднёвым Судане.

Учыні, каб у сэрцах народаў абедзвюх Амерык запанавалі каштоўнасці салідарнасці, паяднання і мірнага суіснавання праз дыялог, узаемную павагу і прызнанне правоў і культурных каштоўнасцей усіх людзей.

Сыне Божы, суцеш ахвяр насілля над жанчынамі, якое пашыраецца ў гэты перыяд пандэміі. Дай надзею дзецям і моладзі, якія становяцца аб’ектам цкавання і злоўжыванняў. Агарні суцяшэннем і любоўю пажылых людзей, асабліва найбольш самотных. Адары супакоем і адзінствам сем’і, першаснае месца выхавання і аснову грамадства.

Бог-з-намі, адары здароўем хворых і натхні ўсіх людзей добрай волі на пошук найбольш адпаведных рашэнняў для пераадолення эпідэмічнага крызісу і яго наступстваў. Зрабі шчодрымі сэрцы, каб неабходныя лекі, асабліва вакцыны, маглі атрымаць найбольш патрабуючыя народы. Узнагародзь усіх, хто аказвае ўвагу і прысвячае сябе апецы над членамі сям’і, хворымі і найслабейшымі.

Дзіця з Бэтлеема, зрабі так, каб найхутчэй вярнуліся дадому шматлікія ваеннапалонныя нядаўніх канфліктаў, грамадзянскія і вайскоўцы, а таксама зняволеныя па палітычных матывах. Не пакідай нас абыякавымі перад абліччам цяжкай сітуацыі мігрантаў, бежанцаў і перасяленцаў. Іх вочы просяць нас не адварочвацца ад іх, не адмаўляць чалавечнасці, якая нас аб’ядноўвае, учыніць іх гісторыі нашымі ўласнымі і не забываць пра іх трагедыі.

Спрадвечнае Слова, якое сталася целам, учыні, каб мы памяталі пра наш супольны дом, які таксама пакутуе па прычыне нядбаласці, з якой часта да яго адносімся, і падштурхні палітычныя ўлады прыйсці да эфектыўных пагадненняў, каб будучыя пакаленні маглі жыць у асяроддзі, якое шануе жыццё.

Дарагія браты і сёстры, у наш час ёсць шмат цяжкасцей, але надзея мацнейшая, бо “Дзіця нарадзілася нам”. Яго з’яўляецца Божым словам і стала дзіцяткам, здольным толькі плакаць і патрабуючым усяго. Яно пажадала навучыцца размаўляць, як кожнае дзіця, каб мы маглі навучыцца слухаць Бога, нашага Айца, слухаць адзін аднаго і весці дыялог як браты і сёстры. О Хрысце, які нарадзіўся для нас, навучы нас ісці за Табой па шляхах міру. Усім жадаю добрых святаў Божага Нараджэння!”.
 

25 снежня 2021, 12:22
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930