Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: мы ўсе – дзеці Бога, “каторы ёсць у небе”

Пра верную і гарачую любоў Бога да кожнага чалавека нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 20 лютага 2019 г. прайшла ў Ватыкане. Ён працягнуў разважанні над малітвай “Ойча наш”.

Францішак заўважыў, што “першым крокам кожнай хрысціянскай малітвы з’яўляецца ўваход у таямніцу айцоўства Бога”. Для яе разумення, трэба, у першую чаргу, ачысціць і перавысіць наша ўяўленне пра бацькоўскую любоў. “Ніхто з нас не меў дасканалага бацьку, як і мы, у сваю чаргу, ніколі не будзем дасканалымі бацькамі або пастырамі”, - зазначыў Пантыфік.

“Вось чаму, калі размаўляем пра Бога, як пра “айца”, і ўяўляем вобраз нашых бацькоў, асабліва калі яны нас вельмі любілі, у той жа час мы павінны ісці далей. Таму што Божая любоў – гэта любоў Айца, “каторы ёсць у небе”, згодна з выразам, які нас запрашае выкарыстоўваць Езус. Гэта поўная любоў, смак якой мы можам адчуць у гэтым жыцці толькі недасканалым чынам. Людзі з’яўляюцца вечнымі жабракамі любові – мы жабракі любові, патрабуем яе. Людзі шукаюць месца, дзе іх будуць нарэшце любіць, але не знаходзяць яго. Колькі расчаравання ў сяброўстве і любові існуе ў нашым свеце. Шмат...”, - заўважыў Папа.

Спасылаючыся на грэчаскую міфалогію, Францішак зазначыў, што ў ёй бог любові – гэта самая трагічнай постаць, якая не разумее сваёй прыроды. “Міфалогія кажа, што ён сын Пораса і Пеніі, што значыць багацця і беднасці, якому наканавана насіць на сабе абліччы сваіх бацькоў”, - нагадаў Святы Айцец. На яго думку, гэта нагадвае пра дваістую прыроду чалавечай любові: яна здольная ў адзін і той жа дзень ажыць і расквітнець, а затым адразу завянуць і памерці.

“[Ёсць выраз прарока Осіі, які бязлітасным чынам акрэслівае прыроджаную слабасць нашай любові: “Міласэрнасць вашая, нібы ранішні туман і раса, што хутка знікае”. Вось чым часта з’яўляецца наша любоў: абяцаннем, якое цяжка стрымаць, спробай, якая хутка высыхае і выпарваецца, на падабенства начной расы, якая знікае, калі ўзыходзіць сонца]”

, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ўсе людзі сустракаліся з досведам аслаблення любові, але любоў Бога – іншая. Яна адрасавана кожнаму чалавеку, і нават калі нас не любілі нашы бацькі, Бог, каторы ёсць у небе, “любіць нас як ніхто на гэтай зямлі не любіў і не зможа любіць”.

У пацвярджэнне гэтага, Папа нагадаў словы прарока Ісаі: “Ці забудзе жанчына дзіця сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Нават калі яна забудзе, Я не забуду цябе”.

“[Нават калі ўсе нашы зямныя прывязанасці разбурацца і ў нашых руках не застанецца нічога, акрамя пылу, заўсёды будзе гарачая, выключная любоў Бога]”

, - запэўніў Францішак.

“У празе любові, якую ўсе адчуваюць, мы не шукаем таго, чаго не існуе: наадварот, яна з’яўляецца заклікам пазнаць Бога, як айца. Навяртанне св. Аўгустына, напрыклад, прайшло па гэтым водападзеле: малады і выбітны рытар проста шукаў у стварэнняў тое, што ніводнае стварэнне не магло яму даць, пакуль аднойчы не адважыўся ўзняць позірк увышыню. І ў той дзень ён пазнаў Бога. Бога, Які любіць”, - падкрэсліў Папа.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Пантыфік растлумачыў, што выраз: “каторы ёсць у небе”, азначае не аддаленасць Бога, але радыкальную адметнасць Яго любові, “іншае вымярэнне любові, нястомнай любові, якая застаецца заўсёды, якая будзе заўжды... больш за тое, якая заўсёды блізка”.

“Таму, не бойцеся! Ніхто з нас не самотны. А калі нават, на няшчасце, твой зямны бацька забудзе пра цябе, а ты будзеш пакрыўджаны на яго, табе не адмоўлена ў фундаментальным досведзе хрысціянскай любові: веданні таго, што ты ўмілаванае дзіця Бога, што не існуе нічога ў жыцці, што можа згасіць Яго гарачай любові да цябе”, - завяршыў сваю катэхезу Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
20 лютага 2019, 11:56
Prev
March 2025
SuMoTuWeThFrSa
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031     
Next
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930