Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Allegro con fuoco
Расклад Падкасты
Папа падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця СДМ-2019 у Панаме Папа падчас афіцыйнай цырымоніі адкрыцця СДМ-2019 у Панаме 

Папа на распачацце СДМ: абудзіць навізну і маладосць Касцёла

Любіць любоўю, якой нас палюбіў Езус, – вось агульная мара, якую мы закліканы падтрымліваць праз культуру сустрэчы і прымірэння. Пра гэта казаў Папа на цырымоніі адкрыцця СДМ-2019 у Панаме.

Афіцыйная праграма 34-х Сусветных дзён моладзі распачалася ўвечары 24 студзеня 2019 г. на полі Санта-Марыя-ла-Антыгуа ўзбярэжжа Чынта Кастэра. Пасля афіцыйнага гімну форуму, творчага выступлення мясцовых вернікаў і сумеснай малітвы з прывітальным словам да моладзі звярнуўся Святы Айцец.

Папа заклікаў моладзь “не баяцца, ісці наперад з абнаўленчай энергіяй і нязменным жаданнем, якое дапамагае і штурхае нас да таго, каб быць больш радаснымі і адкрытымі, яшчэ больш – сведкамі Евангелля”.

“Ісці наперад не для таго, каб стварыць паралельны Касцёл, крыху больш “займальны” ці “модны”, у моладзевым мерапрыемстве з паказнымі элементамі(...) Наадварот! Мы хочам нанова вынайсці і абудзіць разам з вамі бясконцую навізну і маладосць Касцёла, адкрываючы сябе на новую Пяцідзесятніцу”

, - заўважыў Пантыфік.

Па словах Папы, гэта магчыма, толькі калі навучымся ісці, слухаючы і дапаўняючы адзін аднаго, становячыся сведкамі і вешчунамі Пана ў служэнні нашым братам, і ні рознасць гісторый краін, з якіх паходзім, ні культур, ні моў не павінны быць для гэтага перашкодай, “таму што ёсць штосьці, што нас аб’ядноўвае, Хтосьці, Хто робіць нас братамі”.

“Культура сустрэчы – гэта заклік і запрашэнне мець адвагу, каб падтрымліваць жывой агульную мару. Так! Вялікую мару, здольную задзейнічаць усіх. Мару, дзеля якой Езус аддаў сваё жыццё на крыжы, а Дух Святы сышоў і агнём Пяцідзесятніцы пазначыў сэрца кожнага чалавека, тваё і маё, у надзеі, што ў ім знойдзе месца, каб расці і развівацца”, - адзначыў Святы Айцец.

Рэпартаж з цырымоніі адкрыцця СДМ-2019 у Панаме

Хрысціянства, па яго словах, – гэта нясенне наперад мары, дзеля якой Езус аддаў сваё жыццё: любіць любоўю, якой Ён нас палюбіў. А любоў гэтая не прымушае і не прыгнятае, не абмяжоўвае і не прымушае маўчаць, не прыніжае і не занявольвае, паўсядзённая, сціплая і пачцівая, любоў у духу свабоды, любоў, якая вылечвае і ўзвышае.

“Гэта любоў Пана, якая ведае пра пад’ёмы больш, чым пра падзенні, пра прымірэнне больш, чым пра забароны, пра даванне новых магчымасцей больш, чым пра асуджэнне, пра будучыню больш, чым пра мінулае. Гэта маўклівая любоў рукі, працягнутай дзеля служэння і прысвячэння без ганарыстасці. Ці верыце вы ў гэтую любоў? Ці гэтая любоў для вас мае вартасць?” - звярнуўся Святы Айцец да ўдзельнікаў форуму.

Па словах Пантыфіка, Марыя была той, якая здолела даць Божай мары жыццё, і сёння анёл Божы хоча задаць тое ж пытанне кожнаму з нас: ці хочаш, каб гэтая мара мела жыццё? Ці хочаш, каб уцелавілася праз твае рукі, ногі, позірк, сэрца? Ці хочаш, каб любоў Айца адкрыла перад табою новыя далягляды і павяла па сцяжынах, якіх ніколі нават не ўяўляў і аб якіх не думаў, пра якія не марыў і якіх не чакаў, якія даюць радасць і прымушаюць сэрца спяваць і танцаваць?

“Ці здолеем адказаць анёлу, як Марыя: “Вось мы, слугі Пана, няхай нам станецца...?”

, - спытаўся Францішак.

“Гэтая сустрэча пераказвае надзею, дзякуючы выразам вашых твараў і малітве. Кожны з вас вернецца дадому з новай сілай, якая нараджаецца штораз, калі сустракаемся з іншымі і з Панам, поўныя Духа Святога, каб памятаць і падтрымліваць жывой мару, якая робіць нас братамі і якую мы пакліканы захоўваць ад замярзання ў сэрцы свету: дзе б мы ні знаходзіліся, што б ні рабілі, мы заўсёды зможам паглядзець уверх і сказаць: “Пане, навучы мяне любіць так, як Ты нас палюбіў”, - сказаў на завяршэнне прамовы Папа.

Навіна ў фармаце аўдыё
25 студзеня 2019, 11:17
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031