Пошук

Cookie Policy
The portal Vatican News uses technical or similar cookies to make navigation easier and guarantee the use of the services. Furthermore, technical and analysis cookies from third parties may be used. If you want to know more click here. By closing this banner you consent to the use of cookies.
I AGREE
Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Францішак падвёў вынікі падарожжа ў краіны Балтыі

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 верасня 2018 г. прайшла на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, Францішак падзяліўся ўражаннямі ад свайго падарожжа ў Літву, Латвію і Эстонію.

Пантыфік нагадаў, што яго візіт быў прымеркаваны да 100-годдзя аднаўлення незалежнасці гэтых краін. “Сто гадоў, палову з якіх яны пражылі пад акупацыяй, спачатку нацысцкай, а потым савецкай. Гэта народы, якія шмат пакутавалі, і таму Пан глядзіць на іх з умілаваннем. Я ўпэўнены ў гэтым”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што яго падарожжа праходзіла ў цалкам іншым кантэксце, чым той, які прысутнічаў у краінах Балтыі ў 1993 г., калі іх наведаў Ян Павел ІІ.

“Таму мая місія заключалася ў тым, каб нанова абвяшчаць гэтым народам радасць Евангелля і рэвалюцыю пяшчоты і міласэрнасці, бо адна свабода, без любові, не дастатковая для спазнання сэнсу і паўнаты жыцця, без любові, якая заўсёды паходзіць ад Бога”, - сказаў Папа.

“[Евангелле, што ў час выпрабаванняў дае сілу і дух барацьбе за вызваленне, у час свабоды з’яўляецца святлом для штодзённага пілігрымавання людзей, сем’яў, грамадства, а таксама соллю, што дае смак будзённаму жыццю і захоўвае яго ад сапсаванасці павярхоўнасцю і эгаізмам]”

- дадаў ён.

Пантыфік заўважыў, што католікі складаюць большасць насельніцтва ў Літве, лютэране і праваслаўныя – у Латвіі і Эстоніі, але многія людзі ў гэтых краінах увогуле адышлі ад рэлігійнага жыцця. “Таму задачай з’яўляецца ўмацаванне еднасці паміж усімі хрысціянамі, якая ўжо развілася ў цяжкі перыяд пераследу. Насамрэч, экуменічнае вымярэнне было неад’емнай часткай гэтага падарожжа і знайшло выраз падчас малітвы ў Домскім кафедральным саборы ў Рызе і падчас сустрэчы з моладдзю ў Таліне”, - падкрэсліў Францішак.

Папа распавёў, што, звяртаючыся да дзяржаўных уладаў трох балтыйскіх краін, ён падкрэсліваў уклад, які яны робяць у супольнасць народаў, асабліва ў Еўропе, несучы ім чалавечыя і грамадскія каштоўнасці, якія прайшлі праз кацёл выпрабаванняў. “Я заахвоціў да дыялогу паміж пажылым і маладым пакаленнямі, бо кантакт з “каранямі” можа працягваць прыносіць плён у сучаснасці і будучыні. Я заклікаў заўсёды спалучаць свабоду, салідарнасць і гасціннасць, згодна з традыцыяй гэтых земляў”, - зазначыў ён.

Францішак нагадаў, што падчас падарожжа меў дзве асаблівыя сустрэчы: з моладдзю ў Вільнюсе і з пажылымі людзьмі ў Рызе. “На плошчы ў Вільнюсе, напоўненай юнакамі і дзяўчатамі, віднеў дэвіз візіту ў Літву: “Езус Хрыстус – наша надзея”, - сказаў Папа.

“[Сведчанні прадэманстравалі прыгажосць малітвы і спеву, у якіх душа адкрываецца на Бога; радасць служэння іншым, калі выходзіш за агароджу ўласнага “я”, каб быць у дарозе, быць здольным уздымацца пасля падзення]”

- заўважыў Пантыфік.

Каментуючы сустрэчу з пажылымі людзьмі ў Рызе, Францішак падкрэсліў, што казаў пра блізкую сувязь паміж пакутамі і надзеяй. “Тыя, хто прайшоў праз цяжкія выпрабаванні, з’яўляюцца карэннем народа, якое трэба бараніць з дапамогай Божай ласкі, каб новыя парасткі маглі чэрпаць з іх, квітнець і прыносіць плады. Заданне тых, хто старэе, заключаецца ў тым, каб не зацвярдзець знутры і заставацца адкрытымі і пяшчотнымі ў думках і сэрцы, а гэта магчыма дзякуючы “лімфе” Святога Духа, малітве і слуханню Слова”, - лічыць Пантыфік.

Узгадваючы пра сустрэчу з святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі ў Літве, Папа заўважыў, што заклікаў іх быць заўсёды сканцэнтраванымі на Богу, моцна ўкаранёнымі ў Яго любові. “Якое вялікае сведчанне гэтага далі і яшчэ даюць шматлікія пажылыя святары, законнікі і законніцы! Яны пакутавалі ад паклёпаў, турмаў, дэпартацыі..., але засталіся моцнымі ў веры. Я заклікаў не забывацца, захоўваць памяць аб мучаніках, каб наследаваць іх прыклад”, - нагадаў Францішак.

Святы Айцец распавёў, што ў Вільнюсе ўшанаваў памяць генацыду яўрэйскага народа ў Літве, дакладна ў 75-годдзе ліквідацыі вільнюскага гета. “У той жа час, я наведаў і Музей акупацыі і барацьбы за свабоду: спыняўся для малітвы менавіта ў тых камерах, дзе ўтрымлівалі, катавалі і забівалі праціўнікаў рэжыму”, - зазначыў Папа.

“[Іх забівалі каля 40 чалавек за ноч. Было вельмі цяжка бачыць, да чаго можа дайсці чалавечая жорсткасць. Падумаем пра гэта!]”

- заклікаў Пантыфік.

Францішак зазначыў, што “мінаюць гады, мінаюць рэжымы, але Марыя, Маці Міласэрнасці, над Вострай брамай у Вільнюсе, працягвае чуваць над сваім народам, як знак пэўнай надзеі і суцяшэння”.

Пантыфік нагадаў, што жывым знакам Евангелля заўсёды з’яўляецца практычная міласэрнасць. “Нават там, дзе секулярызацыя мацнейшая, Бог прамаўляе мовай любові, клопату, бескарыслівага служэння тым, хто жыве ў нястачы. І тады сэрцы адкрываюцца і здараюцца цуды: на пустынях пачынае квітнець новае жыццё”, - сказаў ён.

“Падчас трох эўхарыстычных цэлебрацый, якія прайшлі ў літоўскім Каўнасе, латвійскай Аглоне і эстонскім Таліне, святы Божы Народ, што пілігрымуе на гэтых землях, абнавіў сваё “так”, сказанае Хрысту, нашай надзеі; абнавіў разам з Марыя, якая заўсёды застаецца Маці сваіх дзяцей, асабліва тых, хто найбольш пакутуе; абнавіў як выбраны народ, святарскі і святы, у сэрцы якога Бог абуджае ласку хросту”, - заўважыў Папа, спасылаючыся на дэвіз кожнага з трох этапаў свайго ХХV Апостальскага падарожжа.

Рэпартаж з агульнай аўдыенцыі
Навіна ў фармаце аўдыё
26 верасня 2018, 11:25
Prev
April 2025
SuMoTuWeThFrSa
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930   
Next
May 2025
SuMoTuWeThFrSa
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031