Пошук

2023.05.27   tydzien belarus

Тыдзень у Беларусі – важнае

Урачыстасці ў Лагішыне і Навагрудку, новыя студэнты семінарыі – агляд найбольш значных падзей, якія адбыліся ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі на гэтым тыдні, падрыхтавала Беларуская рэдакцыя Vatican News. Прапануем вашай увазе самае важнае з жыцця беларускіх католікаў.

Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News

Урачыстасці ў гонар Маці Божай Каралевы Палесся прайшлі ў Лагішыне. 7 – 8 жніўня 2026 года тут сабраліся сотні пешых пілігрымаў з Пінскай дыяцэзіі і іншых мясцін Беларусі, пераадолеўшы чатырохдзённы шлях з Баранавічаў і Бярозы. Адметнасцю сёлетніх урачыстасцей стала супольнае святкаванне стагоддзя Пінскай дыяцэзіі. Вернікі на чале з біскупамі падзякавалі Найсвяцейшай Панне Марыі за Яе апеку і даверылі Яе заступніцтву далейшы шлях кожнага верніка Пінскай дыяцэзіі.

У гродзенскую семінарыю прынялі 6 новых навучэнцаў. Яны паспяхова справіліся з заданнямі экзамена па асновах каталіцкай веры, які адбыўся 4 жніўня 2026 года, і былі залічаны на падрыхтоўчы курс. Маладыя людзі прадстаўляюць усе чатыры дыяцэзіі Беларусі. Больш за ўсё новых студэнтаў з Гродзенскай дыяцэзіі – трое. Па адным – з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. У мінулыя два гады ў семінарыю прынялі адпаведна 11 і 10 новых студэнтаў.

Урачыстасці ў гонар бласлаўлёных мучаніц прайшлі ў Навагрудку. 31 ліпеня – 1 жніўня 2026 года адзначылі 83-ю гадавіну смерці 11 сясцёр назарэтанак, якія загінулі ў час Другой сусветнай вайны. Святую Імшу ў Батароўскім лесе, на месцы мучаніцкай смерці манахінь, расстраляных нацыстамі, узначаліў біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч. На Імшы аддалі пашану мучаніцам, памаліліся аб веры і адвазе для будучых пакаленняў, аб міры ва ўсім свеце.

Мастацка-літаратурны пленэр прайшоў у Друі. 2 жніўня 2026 года ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы адбыўся парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Анёльскай. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Да фэсту прымеркавалі дзве падзеі: асвячэнне абраза Святой Тройцы і адкрыццё мастацка-літаратурнага пленэру. На працягу ўсяго тыдня ў друйскім касцёле праходзілі разнастайныя літаратурныя імпрэзы, а праца мастакоў завяршылася вернісажам.

Выйшаў пераклад на беларускую мову дактрынальнай ноты Una caro (Адно цела) пра каштоўнасць сужэнства як выключнага саюзу і ўзаемнай прыналежнасці. Адпаведная секцыя пры епіскапаце прадставіла электронную версію перакладу. Ён змяшчае "найважнейшыя тэксты Настаўніцкага Інстытута Касцёла і шэрага аўтараў ад старажытнасці да нашых дзён: тэолагаў, філосафаў і паэтаў", а таксама "вялікую колькасць разважанняў, якія падкрэсліваюць еднасць сужэнцаў, узаемнасць і ўсеабдымнае значэнне сужэнскіх адносінаў".

Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, pinskdiocese.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.
 

08 жніўня 2026, 08:57