В'етнам: 160 тысяч пілігрымаў у нацыянальным марыйным санктуарыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
17 жніўня 2026 года ў В'етнаме завяршыўся 32-ы Нацыянальны марыйны кангрэс. Нягледзячы на спякоту ў 40 градусаў і складаныя ўмовы ў палаткавым лагеры, у санктуарый у Ла Ванг прыбылі больш за 160 тысяч пілігрымаў.
Санктуарый у Ла Ванг паўстаў на месцы аб'яўленняў Маці Божай у 1798 годзе, калі там хаваліся пераследаваныя католікі. Марыя заахвоціла іх да трываласці і абяцала: "Захоўвайце непарушную веру і з цярплівасцю пераносьце свае пакуты. Я выслухала вашы мольбы. Ад гэтага часу кожны, хто прыйдзе на гэтае месца, каб прасіць Мяне, будзе выслуханы і атрымае ласкі паводле сваіх намераў".
У 1885 годзе тут збудавалі мураваны касцёл, а ў 1961 годзе біскупы абвясцілі Ла Ванг нацыянальным марыйным цэнтрам, пасля чаго Папа Ян XXIII надаў святыні статус малой базілікі.
Хоць камуністычны рэжым з перасцярогай ставіцца да маштабных рэлігійных мерапрыемстваў, мясцовыя ўлады і паліцыя супрацоўнічалі з архідыяцэзіяй Хюэ дзеля бяспекі вернікаў.
Каталіцкі Касцёл у В'етнаме застаецца "малым статкам" і налічвае каля 7,5 мільёна вернікаў сярод 102 мільёнаў жыхароў, што складае 7,3 працэнта насельніцтва. Тым не менш, духоўнае жыццё краіны актыўна развіваецца: штогод хрост прымаюць 30 тысяч дарослых, а семінарыі не скардзяцца на недахоп кандыдатаў да святарства.