Штаб-кватэра Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША. Ілюстрацыйнае фота Штаб-кватэра Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША. Ілюстрацыйнае фота 

Біскупы ЗША выступілі супраць распаўсюджвання абартыўных таблетак

Амерыканскія біскупы заклікалі вернікаў далучыцца да малітоўнай і інфармацыйнай ініцыятывы супраць распаўсюджвання абартыўных таблетак. Яна працягнецца да кастрычніка 2026 года, калі ў ЗША будзе адзначацца Месяц пашаны да жыцця.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сумесны заклік 18 жніўня 2026 года апублікавалі старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША арцыбіскуп Пол Коклі і старшыня Камітэта па абароне жыцця біскуп Даніэль Томас. Яны падкрэслілі, што кожны аборт цягне за сабой смерць дзіцяці і шкоду для маці. З пашырэннем доступу да абартыўных таблетак колькасць абортаў павялічылася і рызыка для здароўя жанчын узрасла.

У межах ініцыятывы вернікам прапануецца малітва на англійскай і іспанскай мовах аб заступніцтве святога Юзафа, апекуна жыцця. Біскупы таксама запрашаюць католікаў наведаць сайт ініцыятывы, каб даведацца пра небяспеку абартыўных таблетак і накіраваць звароты ў аптэкі і фармацэўтычныя кампаніі, якія ўдзельнічаюць у іх распаўсюджванні.

Біскупы звяртаюць увагу на спосаб атрымання прэпаратаў. Амерыканскае Упраўленне па кантролі за якасцю харчовых прадуктаў і лекавых сродкаў дазволіла прызначаць абартыўныя таблеткі на відэакансультацыі і набываць іх у аптэках і праз інтэрнэт. Гэта дазваляе абыходзіць заканадаўства асобных штатаў, накіраванае на абарону жыцця ненароджаных дзяцей, - сцвярджаюць іерархі.

У звароце таксама выказваецца занепакоенасць тым, што жанчына можа зрабіць аборт дома без медыцынскага нагляду. Такая сітуацыя можа ствараць дадатковыя ўмовы для эксплуатацыі жанчын, у тым ліку з боку гвалтоўных партнёраў і гандляроў людзьмі.

У маі Вярхоўны суд ЗША працягнуў дзеянне часовай пастановы, якая дазваляла медыкам прызначаць абартыўныя таблеткі падчас відэакансультацый і адпраўляць іх поштай да таго часу, пакуль у судзе ніжэйшай інстанцыі працягваецца разгляд гэтага пытання.

Паводле даных Цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША, у 2022 годзе 58% абортаў у краіне выконваліся з дапамогай таблетак.

21 жніўня 2026, 12:00