Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч – спецыяльна для Vatican News
У Браславе прайшлі адпустовыя ўрачыстасці. Сёлетні фэст у санктуарыі Маці Божай Браслаўскай у Віцебскай дыяцэзіі адбыўся 21-22 жніўня 2026 года пад дэвізам "Трываць з Марыяй – Славіць Бога – Будаваць Супакой". Урачыстасці пачаліся з сустрэчы пілігрымаў. Затым у праграме былі набажэнствы, працэсія з копіяй абраза Маці Божай, ружанцовая малітва, святая Імша апоўначы. Да ўдзелу ў галоўнай Імшы на заканчэнне фэсту быў запрошаны Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іньяцыа Чэфаліа.
Апостальскі нунцый упершыню наведаў Магілёў. 15 жніўня 2026 года ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася тытульная ўрачыстасць, якая сёлета мела асаблівае значэнне. Упершыню магілёўскую супольнасць наведаў арцыбіскуп Іньяцыа Чэфаліа. Ён узначаліў адпустовую святую Імшу і перадаў вернікам благаслаўленне Святога Айца. У сваім пастырскім слове прадстаўнік Папы заклікаў наследаваць Марыю ў вернасці, пакоры і служэнні, асабліва ў адносінах да тых, хто перажывае цяжкасці. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які таксама ўдзельнічаў у свяце, падзякаваў айцу Раману Шульцу, які вымушаны вярнуцца ў Польшчу, за яго шматгадовае служэнне ў Магілёве.
Малітва канонікаў адбылася ў гродзенскай катэдры. 14 жніўня 2026 года з нагоды ўспаміну святога Максімільяна Марыі Кольбэ на малітву сабраліся канонікі катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра. Перад пачаткам Эўхарыстыі святары памаліліся Літургіяй гадзінаў. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп-эмерыт Аляксандр Кашкевіч. Гэта была асаблівая нагода для малітвы ў намеры Касцёла на Гродзеншчыне. Праз заступніцтва святога Максімільяна, які з’яўляецца апекуном дыяцэзіі, канонікі даручалі Богу ўсіх, хто складае лакальны Касцёл.
У Волме ўшанавалі благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка і заступніка парафіі. 16 жніўня 2026 года вернікі сабраліся на святую Імшу, прысвечаную ўшанаванню аднаго з заступнікаў парафіі, – святому Роху. Сёлета святкаванне ўрачыстасці дапоўнілася яшчэ адной падзеяй – прыбыццём рэліквій благаслаўлёных назарэтанак з Навагрудка. Цэлебрацыю Імшы ўзначаліў ксёндз Павел Эйсмант, сакратар арцыбіскупа-эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, які не змог па стане здароўя прыбыць на фэст. У казанні святар адзначыў, што самым небяспечным грахом апошніх гадоў, горшым за эпідэмію, становіцца грэх абыякавасці. Ён заклікаў прысутных самім шукаць патрабуючых, наследуючы святога Роха, і імкнуцца да учынкаў міласэрнасці, якія набліжаюць Божае Валадарства.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў за малітвы ў яго інтэнцыі. На відэа, запісаным у рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне і апублікаваным на канале ксяндза Аляксандра Уласа, арцыбіскуп-эмерыт распавёў пра акалічнасці сваёй хваробы і лячэнне, а таксама падзякаваў усім, хто маліўся за яго выздараўленне і пажадаў ім Божага благаслаўлення. 80-гадовы іерарх адзначыў, што адчувае сябе добра і спадзяецца на хуткае выздараўленне, спатканне з вернікамі "на малітве пры алтары, на фэстах – там, дзе Бог дазволіць".
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.