Тыдзень у Беларусі – важнае
Павел Міцкевіч - спецыяльна для Vatican News
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч праходзіць рэабілітацыю пасля аперацыі на сэрцы. З 10 жніўня 2026 года заслужаны іерарх знаходзіцца ў рэспубліканскім цэнтры ў Аксакаўшчыне. 22 ліпеня ён быў тэрмінова шпіталізаваны ў адзін са шпіталяў Мінска па прычыне дрэнных вынікаў даследавання сэрца. Пасля яго даставілі ў РНПЦ кардыялогіі, дзе правялі аперацыю па стэнціраванню сценак крывяносных сасудаў. Арцыбіскуп прызнаецца, што Божы Провід, дзякуючы своечасоваму даследаванню, захаваў яго ад паўторнага інфаркту. Сітуацыя стабілізавана, але арцыбіскуп-эмерыт надалей патрабуе малітвы аб выздараўленні, за якую ён дзякуе вернікам.
Фестываль “Novafest” прайшоў ва Уселюбе. 8 жніўня 2026 года ў парафіі святога Казіміра адбыўся VI Хрысціянскі фестываль-рэкалекцыі. Яго тэмай сёлета былі словы "Звярніцеся да Мяне ўсім сэрцам сваім". Ва Уселюб прыбылі вернікі розных узростаў з усёй краіны. Сабраных аб’ядноўвала прага малітвы і пазнання Бога, а таксама жаданне праслаўляць Яго. Праграма ўключала святую Імшу, канферэнцыі, Вяночак да Божай Міласэрнасці, малітву спевам, сведчанні, Крыжовы шлях. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які падзякаваў арганізатарам свята на чале з ксяндзом Віталіем Цыбульскім за клопат аб духоўным развіцці вернікаў Беларусі.
Cустрэча валанцёраў "Caritas" прайшла ў Стоўбцах. З 7 па 9 жніўня 2026 года ў парафіі святога Казіміра на летнюю сустрэчу сабраліся валанцёры "Caritas" Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: з Будслава, Маладзечна, Нясвіжа, Капыля і Мінска. Летняя сустрэча валанцёраў — гэта фармат стасункаў паміж людзьмі, якія дзеляцца сваёй любоўю і міласэрнасцю. Госці пабывалі на экскурсіі ў Акінчыцах – на радзіме Якуба Коласа, у музейным пакоі, а таксама на месцы старога касцёла, дзе цяпер вядзецца адбудоўванне капліцы святога Дамініка.
У Дзеркаўшчыне прайшла Парафіяда дзяцей і моладзі Віцебскай дыяцэзіі. 12 жніўня 2026 года сустрэча адбылася пад дэвізам "Святы Францішак, вядзі нас да Хрыста!". Удзел у ёй прынялі каманды з Глыбокага, Германавічаў і Дзеркаўшчыны. Святую Імшу на пачатак парафіяды ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Усе ўдзельнікі атрымалі ганаровыя граматы, а пераможцы ў катэгорыях – дыпломы і памятныя кубкі. У агульным заліку перамогу атрымала каманда з Глыбокага, якая ў падарунак атрымала сертыфікат на 1000 рублёў.
У Тракелях адбыўся Фестываль сямейных традыцый. 9 жніўня 2026 года ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў з’ехаліся сем’і з усёй Воранаўшчыны – каб нагадаць, што сапраўдныя каштоўнасці нараджаюцца ў цішыні і любові. Урачыстасць пачалася са святой Імшы, якую цэлебраваў кустод санктуарыя ксёндз Уладзіслаў Сурвіла. Пасля Эўхарыстыі Марыйны сад ператварыўся ў жывую кнігу сямейных гісторый. Удзельнікі з дапамогай творчых нумароў, сямейных зацікаўленасцей і шчырых размоў паказалі свае сямейныя традыцыі.
Падрыхтавана паводле grodnensis.by, catholicnews.by, catholicminsk.by і ўласнай інфармацыі.