Ардынарый Сен-Дэні біскуп Эцьен Гіе Ардынарый Сен-Дэні біскуп Эцьен Гіе   (© YouTube Diocèse de Saint-Denis)

Біскуп Сен-Дэні: візіт Льва XIV натхняе французскую моладзь

Ардынарый Сен-Дэні біскуп Эцьен Гіе назваў візіт Льва XIV цудоўным сігналам для Францыі, які сведчыць пра адраджэнне веры і адкрытасць да дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каментуючы незвычайную зацікаўленасць сустрэчай з Папам, на якую моладзь у першыя гадзіны разабрала 80 тысяч бясплатных білетаў, пастыр дыяцэзіі Сен-Дэні падкрэсліў адмысловае значэнне гэтай падзеі. “Мы рады, што Святы Айцец прыедзе ў нашу дыяцэзію, якая мае што сказаць і не з'яўляецца проста "прыбудоўкай Парыжа"", - адзначыў ён.

Біскуп, які шмат гадоў прысвяціў душпастырству моладзі і апецы над катэхуменамі, заўважыў, што надыходзячы візіт стане важным духоўным імпульсам. Нагадаем, што 25 верасня 2026 года позна вечарам Пантыфік узначаліць моладзевае малітоўнае чуванне на стадыёне "Стад дэ Франс". Агулам апостальскае падарожжа Льва XIV у Францыю пройдзе з 25 па 28 верасня 2026 года.

Апісваючы феномен абнаўлення рэлігійнага жыцця ў Францыі, іерарх звярнуў увагу на шматлікіх катэхуменаў ва ўзросце 18-25 гадоў. Да веры іх прыводзяць розныя шляхі: сямейныя традыцыі, прыклад суседзяў ці нават пошукі ў сацыяльных сетках. Акрамя таго, 15 працэнтаў лістоў да біскупа паступаюць ад людзей з мусульманскага асяроддзя, некаторыя з якіх згадваюць пра сны, што скіравалі іх да Хрыста.

Біскуп Гіе перакананы, што прысутнасць мусульман на тэрыторыі дыяцэзіі Сен-Дэні дапамагла зняць табу на адкрытае сведчанне веры. "У бедных і вельмі разнастайных кварталах вера ў Бога карыстаецца пашанай і павагай", - падкрэсліў ён.

Галоўным выклікам іерарх лічыць інтэграцыю нованавернутых у мясцовыя парафіяльныя супольнасці, бо "самотны хрысціянін – гэта хрысціянін у небяспецы". Для гэтага важна распазнаваць іх таленты і дапамагаць ім уключацца ў касцельнае жыццё.

Папскі візіт стане знакам міру і для нехрысціян, якія памятаюць пра геапалітычную адвагу Льва XIV у Алжыры. Каб зацікавіць моладзь, у 13 каталіцкіх ліцэях ствараюцца суполкі "амбасадараў Папы", дзе двое маладых католікаў і восем іх некаталіцкіх сяброў будуць разам рыхтавацца да малітоўнага чування.
 

15 жніўня 2026, 13:34