Біскуп Осла склікае сінод: час разам вызначыць будучыню дыяцэзіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Паводле біскупа Фрэдрыка Хансэна, каталіцкая дыяцэзія Осла дасягнула такога этапу развіцця, калі ёй неабходна выпрацаваць агульнае бачанне свайго жыцця і місіі. "Мы павінны разам адказаць на пытанні, што ўяўляе сабой наш мясцовы Касцёл і ў якім кірунку хоча развівацца", - адзначыў іерарх. Ён таксама паведаміў, што вынікам сінадальнага працэсу павінны стаць новы душпастырскі план і іншыя дыяцэзіяльныя дакументы.
Іерарх адзначыў, што многія дзеючыя планы і пастановы ўжо страцілі актуальнасць, таму цяпер неабходны ўсебаковы дыялог, які дапаможа падрыхтаваць дыяцэзію да наступнага дзесяцігоддзя.
Шукаць адказы прапануюць усёй дыяцэзіяй
Біскуп паведаміў, што ў абмеркаванні возьмуць удзел дыяцэзіяльныя рады і камісіі, манаскія супольнасці, парафіі, школы і касцельныя арганізацыі. Пасля гэтага свае прапановы змогуць выказаць усе ахвотныя вернікі – падчас сустрэч у парафіях і праз інтэрнэт-апытанне. Асобную ўвагу плануецца надаць катэхізацыі, душпастырству на розных мовах і патрэбам парафій, якія знаходзяцца далёка ад Осла.
Кансультацыі таксама дапамогуць падрыхтаваць ацэнку ўвасаблення агульнакасцельнага Сінода па сінадальнасці, якую дыяцэзія павінна прадставіць епіскапату Нарвегіі. Гэты этап можа завяршыцца ўжо вясной.
Працэс ужо цяпер мае выразна акрэсленыя этапы
Паводле біскупа Хансэна, працэс прадугледжвае падрыхтоўчы этап, затым агульныя пасяджэнні, прысвечаныя абмеркаванню прапаноў, і далейшую працу над тэкстамі паміж сустрэчамі. Канчатковы склад удзельнікаў пакуль не вызначаны. Яго павінна прапанаваць падрыхтоўчая камісія ў адпаведнасці з нормамі кананічнага права. Як мяркуе біскуп, па сваім характары сінод будзе нагадваць значна пашыраную дыяцэзіяльную душпастырскую раду.
Іерарх адзначыў, што дыяцэзіяльны сінод не з'яўляецца дэмакратычным сходам, які можа вырашаць пытанні веравучэння. "Як біскуп, я абавязаны выключыць з сінода ўсё, што супярэчыць вучэнню Касцёла або ставіць яго пад сумнеў. Не нам вырашаць пытанні веры і маралі", - падкрэсліў ён.