Пошук

У Сеуле ўпершыню выканалі гімн Сусветных дзён моладзі 2027 У Сеуле ўпершыню выканалі гімн Сусветных дзён моладзі 2027  (sito web GMG)

У Сеуле абвешчаны афіцыйны гімн Сусветных дзён моладзі

У Сеуле афіцыйна прадставілі гімн Сусветных дзён моладзі 2027 года. Прэзентацыя адбылася роўна за год да пачатку цэнтральных урачыстасцей у Паўднёвай Карэі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

3 жніўня 2026 года гаспадары будучай міжнароднай сустрэчы прэзентавалі яе афіцыйны гімн. Назва твора – "Confidite, Ego Vici Mundum", што азначае "Адвагі! Я перамог свет!". Гэта выслоўе з Евангелля паводле святога Яна стала тэмай форуму, якую абраў Святы Айцец. Песня стане малітвай, якая аб'яднае маладых католікаў па ўсім свеце. Сеульская архідыяцэзія прыме вернікаў з 3 па 8 жніўня 2027 года.

Музычнае вызнанне веры і надзеі

Тэкст упэўнена сцвярджае: "Нават калі надзея здаецца хісткай, на Яго заклік мы ўстаём і ідзем наперад". Аўтарам кампазіцыі стаў малады карэйскі музыкант Фрэнсіс Джыюн Кім. Яго працу абралі сярод 434 заявак і зацвердзілі ў Ватыкане ў Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця. Твор спалучае хрысціянскае пасланне з традыцыйнымі карэйскімі гукамі і прадстаўлены ў класічнай і поп-аранжыроўках.

Сусветныя дні моладзі ўжо другі раз у гісторыі пройдуць на азіяцкім кантыненце. Католікі складаюць у Паўднёвай Карэі каля 12 працэнтаў насельніцтва. На форум збіраецца прыехаць Леў XIV, і гэта будзе чацвёрты візіт Пантыфіка ў краіну. Раней яе наведвалі святы Ян Павел II і Францішак

Шлях да сустрэчы ў Сеуле

Пілігрымка маладых людзей традыцыйна складзецца з двух асноўных етапаў. За тыдзень да галоўных падзей у сталіцы госці наведаюць розныя карэйскія дыяцэзіі. Гэта дапаможа ім лепш пазнаць мясцовы Касцёл, грамадства і культуру краіны.
 

04 жніўня 2026, 09:18