Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

“Мы ўсе – адна сям’я”: біскупы Мексікі супраць гандлю людзьмі

Ксенафобія, расізм і беспакаранасць спрыяюць пашырэнню гандлю людзьмі ў Мексіцы. Епіскапат заклікаў да салідарнасці і супольных дзеянняў супраць сучаснага рабства.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Камісія па сацыяльным душпастырстве пры мексіканскім епіскапаце і нацыянальная “Caritas” апублікавалі сумесную заяву з нагоды Міжнароднага дня барацьбы з гандлем людзьмі, які адзначаўся 30 ліпеня.

Біскупы Эўхэніа Андрэс Ліра Ругарсія і Хасэ Іраіс Акоста Бельтрана, за подпісам якіх выйшаў дакумент, нагадалі, што сучаснае рабства і гандаль людзьмі ў першую чаргу закранаюць найбольш уразлівыя сацыяльныя групы. Сярод галоўных ахвяр гэтых з’яў яны назвалі мігрантаў, сельскагаспадарчых работнікаў, прадстаўнікоў карэнных народаў і людзей афрыканскага паходжання.

Іерархі адзначылі, што злачынныя групоўкі прымушаюць людзей працаваць без належнай аплаты, занявольваюць праз прастытуцыю, а таксама выкарыстоўваюць іх у якасці хатніх работнікаў у турыстычных і прамысловых рэгіёнах. Біскупы папярэдзілі, што асаблівую небяспеку ўяўляюць фальшывыя прапановы працы, якія распаўсюджваюцца праз сацыяльныя сеткі.

Мексіканскі епіскапат адзначыў, што сітуацыю пагаршаюць расізм, ксенафобія, а найперш – недастатковая абарона і пасіўнасць з боку дзяржаўных устаноў. У выніку злачынцы часта застаюцца беспакаранымі, а ахвяры не могуць вырвацца з пастак рабства.

У гэтай сітуацыі біскупы звярнулі ўвагу на значэнне чалавечай салідарнасці. Яны заклікалі грамадзян супрацьстаяць усім формам эксплуатацыі: працоўнай, сексуальнай і хатняй, а таксама пазбягаць набыцця прадуктаў, вырабленых з выкарыстаннем прымусовай працы.

“Мы ўсе складаем адну сям’ю”, - нагадалі біскупы, падкрэсліваючы, што гандаль людзьмі можна перамагчы, калі грамадства, улады і Касцёл будуць дзейнічаць разам.

Гандаль людзьмі “не з’яўляецца з’явай, якую немагчыма пераадолець”, калі супольнасці змогуць эфектыўна аб’яднаць свае намаганні. Іерархі заклікалі не губляць надзеі і праз сумесную працу “зрабіць гэты свет лепшым месцам для чалавецтва”.
 

03 жніўня 2026, 11:49