Пошук

Біскуп Марцінэлі, Апостальскі вікарый Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана і Емена Біскуп Марцінэлі, Апостальскі вікарый Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Амана і Емена  

Біскуп Марцінэлі: вайна не прынясе рашэнняў, патрэбны дыялог

Вайна і ўзбраенне не могуць стаць шляхам вырашэння канфліктаў. Пра гэта ў інтэрв’ю ватыканскім СМІ ў Рыміні заявіў біскуп Паола Марцінэлі, апостальскі вікарый Паўднёвай Аравіі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Апостальскі вікарыят Паўднёвай Аравіі ахоплівае Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Аман і Емен. У гэтых трох краінах жыве больш за мільён хрысціян. У інтэрв’ю галоўнаму рэдактару медыя Святога Пасада Андрэа Тарніелі біскуп Марцінэлі распавёў пра жыццё вернікаў Аравійскага паўвострава пасля пачатку вайны ЗША і Ірана.

Паводле іерарха, гэты перыяд стаў цяжкім выпрабаваннем, аднак мясцовая хрысціянская супольнасць дала сведчанне вернасці Касцёлу. З першых дзён вайны біскуп Марцінэлі заклікаў іх маліцца, дапамагаць людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы, тым, хто страціў працу, а таксама выконваць рэкамендацыі мясцовых уладаў. Вікарыят павялічыў колькасць Імшаў, каб вернікі маглі ўдзельнічаць у літургіі пры меншым скапленні людзей. Супольнасць дала выдатны прыклад вернасці, малітвы і ўзаемнай дапамогі.

Біскуп Марцінэлі адзначыў, што даручаны яму вікарыят знаходзіцца ў краінах з пераважна мусульманскім насельніцтвам, дзе заканадаўства забараняе публічнае абвяшчэнне Евангелля. Аднак ніхто не можа перашкодзіць вернікам жыць уласнай верай і сведчыць пра радасць Евангелля ў паўсядзённым жыцці, праз адносіны, дыялог і сведчанне.

На думку вікарыя, падчас сустрэчы ў Рыміні Папа закрануў фундаментальныя тэмы ўсяго хрысціянскага жыцця, у тым ліку каштоўнасць любові да Касцёла, імкненне да адзінства як фундаментальнай каштоўнасці хрысціянскай супольнасці. Для Касцёла ў Паўднёвай Аравіі гэта асабліва важна, паколькі ён аб’ядноўвае людзей розных культур, моў і абрадаў. Заклік Папы звярнуцца да першакрыніцы еднасці і любові да Касцёла было важна пачуць усім хрысціянам ва ўсім свеце, - лічыць біскуп Марцінэлі.

Каментуючы заклік Льва XIV раззброіць словы, розумы і народы, а таксама яго асуджэнне вар’яцтва гонкі ўзбраенняў, францішканін падкрэсліў вырашальнае значэнне “бязбройнага і абяззбройваючага” міру, пра які неаднаразова казаў Папа. “Мы вельмі выразна бачым, што адзіны шлях – гэта садзейнічанне міру і цярплівасць узаемнага дыялогу”, - адзначыў біскуп Марцінэлі. Зброя ніколі не прывядзе да вырашэння праблем, таму неабходна запасціся цярплівасцю для дыялогу, каб разам будаваць мір як адзіны магчымы шлях да мірнага і плённага суіснавання. Іерарх заклікаў штодня захоўваць перад сэрцам і вачыма словы Папы пра “бязбройны і абяззбройваючы” мір як арыенцір жыцця.

25 жніўня 2026, 13:03