Пошук

Кардынал Жуліу Дуартэ Ланга Кардынал Жуліу Дуартэ Ланга  (Cremildo Alexandre, Rádio Encontro (Nampula, Moçambique))

Смерць кардынала Лангі ў Мазамбіку: спачуванні Льва XIV

Леў XIV накіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю біскупа-эмерыта дыяцэзіі Ксаі-Ксаі кардынала Жуліу Дуартэ Лангі, які памёр у Мазамбіку.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

3 жніўня 2026 года ў Цэнтральным шпіталі ў Мапуту ва ўзросце 98 гадоў памёр кардынал Жуліу Дуартэ Ланга. У сувязі з гэтай стратай Леў XIV накіраваў тэлеграму, у якой выказаў духоўнае яднанне і спачуванні епіскапату Мазамбіка, сям’і спачылага і ўсяму народу.

Папа адзначыў, што іерарх быў "верным Езусу, Настаўніку і Пану" і навучыўся ад Яго "мастацтву блізкасці ў душпастырстве душ". Папа падкрэсліў яго руплівасць у абвяшчэнні "Евангелля міру і згоды дзеля будучыні братэрства паміж усімі мазамбікцамі".

Шлях душпастырскага служэння

Жуліу Дуартэ Ланга нарадзіўся 27 кастрычніка 1927 года ў Мангунзэ і атрымаў адукацыю ў семінарыях у Магудэ і Намаашы. Святарскае пасвячэнне ён прыняў 9 чэрвеня 1957 года, пасля чаго працаваў вікарыем і пробашчам місіі Малаісэ. Пазней служыў дыяцэзіяльным кансультантам, уваходзіў ў святарскую раду і быў генеральным вікарыем. 31 мая 1976 года Павел VI прызначыў яго біскупам Жуан-Белу – дыяцэзіі, якая праз некалькі месяцаў атрымала назву Ксаі-Ксаі. Біскупскую сакру ён прыняў 24 кастрычніка 1976 года і кіраваў дыяцэзіяй на працягу 28 гадоў, да адыходу на спачын у чэрвені 2004 года.

Выпрабаванні і заслугі перад Касцёлам

Яго душпастырскае служэнне прыпала на перыяд грамадзянскай вайны ў Мазамбіку. Іерарх актыўна займаўся аднаўленнем душпастырскага жыцця і дапамогай супольнасцям, якія пакутавалі ад канфлікту, эпідэмій і прыродных катастроф.

Спачылы кардынал зрабіў значны ўнёсак у інкультурацыю літургіі і катэхезы, удзельнічаючы ў перакладзе дакументаў Другога Ватыканскага Сабору на галоўныя мовы Мазамбіка. 14 лютага 2015 года Францішак уключыў Ланга ў Калегію кардыналаў, і ён стаў другім кардыналам у гісторыі краіны.

Пасля смерці мазамбікскага іерарха Калегія кардыналаў налічвае 240 чальцоў, сярод якіх 116 кардыналаў-выбаршчыкаў.
 

05 жніўня 2026, 11:25