Пошук

Кардынал Чарльз Маунг Бо Кардынал Чарльз Маунг Бо  (AFP or licensors)

М’янма: кардынал заклікаў не паддавацца страху

Кардынал Чарльз Маунг Бо заклікаў жыхароў М’янмы, асабліва моладзь, не дазваляць сённяшнім ранам вызначаць іх будучыню і захоўваць надзею.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Чарльз Маунг Бо, арцыбіскуп Рангуна, нагадаў вернікам, якія перажываюць вайну, гвалт і вымушанае перасяленне, што яны не самотныя ў сваіх пакутах.

Ён звярнуўся да людзей, якія страцілі дамы, сродкі да існавання і блізкіх, адзначыўшы, што многія жывуць у беднасці, страху і няўпэўненасці. На фоне крызісу ў краіне, які рэзка абвастрыўся пасля ваеннага перавароту 1 лютага 2021 года, больш за 20 мільёнаў чалавек маюць патрэбу ў тэрміновай гуманітарнай дапамозе.

Падчас нядзельнай гаміліі старшыня епіскапату М’янмы звярнуўся да евангельскага вобразу буры. Ён адзначыў, што, як вучні Езуса вярнулі сабе мужнасць, калі распазналі прысутнасць Пана, так і жыхары краіны не павінны дазволіць страху пазбавіць іх надзеі.

Асобна ён звярнуўся да моладзі, многія прадстаўнікі якой перапынілі адукацыю або былі разлучаныя з сем'ямі і сябрамі. "Не дазваляйце сённяшнім ранам вызначыць вашу будучыню", - заклікаў ён, нагадаўшы, што маладыя могуць стаць будаўнікамі новай гісторыі сваёй краіны і міру.

Напрыканцы арцыбіскуп Рангуна адзначыў, што ў свеце, поўным палітычнага шуму і сацыяльных сетак, якія распаўсюджваюць страх, гнеў, прапаганду і чуткі, усё цяжэй пачуць голас Бога. "Ён, аднак, заўсёды прысутны. Нам толькі трэба Яго пачуць і заўважыць", - падкрэсліў кардынал.

Ён маліўся аб дні, калі буры спыняцца, слёзы будуць выцертыя, сем'і вернуцца ў свае дамы, дзеці – у школы, а жыхары М’янмы зноў змогуць жыць разам у міры, годнасці, справядлівасці і паяднанні.
 

14 жніўня 2026, 10:13