Санктуарый Маці Божай Ружанцовай у партугальскай Фаціме Санктуарый Маці Божай Ружанцовай у партугальскай Фаціме  (Reuters)

Фаціма прыме Міжнародны кангрэс марыйных санктуарыяў

З 12 па 14 лістапада 2026 года ў Фаціме пройдзе Міжнародны кангрэс марыйных санктуарыяў з удзелам прадстаўнікоў Гвадэлупэ, Апарэсіды і Лурда.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 12 па 14 лістапада 2026 года санктуарый Маці Божай Ружанцовай у партугальскай Фаціме прыме Міжнародны кангрэс марыйных санктуарыяў. У ім возьме ўдзел, між іншым, прадстаўнік Святога Пасада, пра-прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела.

На кангрэс прыедуць прадстаўнікі найбуйнейшых марыйных санктуарыяў – Маці Божай Гвадэлупскай у Мексіцы, Апарэсіды ў Бразіліі і Лурда ў Францыі. Як паведаміў рэктар санктуарыя ў Фаціме ксёндз Карлуш Кабесіньяш, падзея рыхтуецца ў супрацоўніцтве з санктуарыем у Назарэ. Частка пасяджэнняў адбудзецца менавіта там.

Фаціма застаецца найбольш папулярным марыйным санктуарыем Еўропы. На працягу апошняга года сюды ў складзе арганізаваных груп прыбылі больш за 6,5 мільёна пілігрымаў.

Найбуйнейшым у свеце цэнтрам марыйнага культу застаецца базіліка Маці Божай Гвадэлупскай у Мексіцы, якую штогод наведваюць каля 20 мільёнаў пілігрымаў. На другім месцы – санктуарый у Апарэсідзе з 10 мільёнамі наведвальнікаў.
 

20 жніўня 2026, 09:42