Пошук

Студэнты ля бібліятэкі Гарвардскага ўніверсітэта ў Кембрыджы Студэнты ля бібліятэкі Гарвардскага ўніверсітэта ў Кембрыджы 

Каля 80 чалавек сёлета стануць католікамі ў Гарвардзе

Каля 80 чалавек сёлета афіцыйна далучацца да Каталіцкага Касцёла ў супольнасці Гарвардскага ўніверсітэта – гэта рэкордныя лічбы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

24 жніўня 2026 года каталіцкі капелан Гарвардскага ўніверсітэта ксёндз Натаніэль Сандэрс паведаміў, што каля 80 чалавек сёлета стануць католікамі. Гэта ўдвая больш, чым годам раней, і найбольшая колькасць за ўсю гісторыю мясцовай супольнасці.

Расце і ўдзел студэнтаў у жыцці супольнасці: наведвальнасць Імшаў за апошнія гады павялічылася на 10-20 працэнтаў. Нядзельная Эўхарыстыя цяпер збірае ў сярэднім каля 300 студэнтаў, тады як некалькі гадоў таму іх было каля 200.

Ксёндз Сандэрс звярнуў увагу на зацікаўленасць і інтэлектуальны ўзровень студэнтаў. "Мы можам праводзіць лекцыі на самыя розныя тэмы, а студэнты задаюць выдатныя пытанні", - адзначыў ён.

Старшыня Гарвардскага каталіцкага цэнтра Джон Філіпс прызнаўся, што перад пачаткам вучобы нават разважаў, ці не адмовіцца ад прапановы Гарварда, баючыся, што ў свецкім асяроддзі не зможа развіваць сваю веру. Аднак пасля прыезду ён адкрыў для сябе супольнасць маладых людзей, якія спалучаюць акадэмічныя амбіцыі з актыўным каталіцкім жыццём.

Ксёндз Сандэрс таксама адказаў на занепакоенасць бацькоў маладых католікаў з нагоды вучобы ў свецкім універсітэце. На яго думку, калі чалавек яшчэ да паступлення мае ўласную тоеснасць і адносіны з Богам, гэтая сувязь можа толькі развівацца. Студэнт павінен быць гатовы сустрэцца з іншымі поглядамі, але гэта не абавязкова вядзе да крызісу веры.

Паводле "The Wall Street Journal", такі рост цікавасці да каталіцтва назіраецца і ў іншых амерыканскіх універсітэтах, дзе моладзь усё часцей удзельнічае ў Імшах, эўхарыстычнай адарацыі, біблійных сустрэчах, прыступае да споведзі.
 

24 жніўня 2026, 10:18