Гаіці: Касцёл пад ударам бандыцкіх груповак
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Каталіцкі Касцёл на Гаіці сутыкнуўся з жорсткім ціскам бандыцкіх груповак. Біскуп дыяцэзіі Жэрэмі Жазэф Гантран Дэкост у размове з Папскім фондам "Дапамога Касцёлу ў патрэбе" падкрэсліў, што злачынцы імкнуцца ліквідаваць Касцёл, бо ён застаецца "апошняй запорай – маральнай, этычнай, духоўнай і прароцкай".
Пра драматычны стан спраў распавяла і сястра Пэзі, кіраўніца арганізацыі "Kizito Family", што дае дзецям прытулак і адукацыю. Пасля атак у Порт-а-Прэнс 9 жніўня 2024 года ў яе цэнтр прыбылі каля 20 дзяцей, а затым іх колькасць павялічылася да 50. Законніца апісала трагічны выпадак чатырох братоў, чый бацька быў забіты і спалены бандытамі, а пра маці нічога невядома. Гвалт спыняе працу касцельных устаноў, у тым ліку зруйнаванага 2 гады таму кляштара Місіянерак Любові. Сястра Пэзі заўважыла: "Ён дагэтуль цалкам пусты, а будынкі зруйнаваны".
Сітуацыя на Гаіці выклікае моцную занепакоенасць і ў біскупаў Злучаных Штатаў Амерыкі, якія заклікалі ўлады падоўжыць часовы ахоўны статус для гаіцянскіх грамадзян. Арцыбіскуп Маямі Томас Вэнскі папярэдзіў, што прымусовае вяртанне людзей на Радзіму раўназначна адпраўцы іх у палаючы будынак.
Амерыканскія іерархі звяртаюць увагу на масавыя выкраданні, нястачу харчавання і поўны калапс дзяржаўных інстытутаў. У красавіку Палата прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Амерыкі прыняла закон аб працягу аховы гаіцян, аднак Сенат пакуль не прыняў рашэння па гэтым пытанні.