Пошук

Кёльнскі сабор Кёльнскі сабор 

Лічбы Касцёла ў Германіі: менш вернікаў, больш хростаў дарослых

У Германіі працягвае змяншацца колькасць католікаў, аднак усё больш дарослых прымаюць хрост, а ўдзел у нядзельнай літургіі расце ўжо трэці год запар.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Канферэнцыя Біскупаў Германіі 8 жніўня 2026 года апублікавала штогадовы даведнік "Каталіцкі Касцёл у Германіі – факты і лічбы 2025/2026".

Паводле яго, у канцы 2025 года да Каталіцкага Касцёла належалі каля 19,2 мільёна чалавек, што складае каля 23 працэнтаў насельніцтва краіны. На працягу года Касцёл пакінулі 307 117 чалавек, хоць гэта менш, чым у 2024 годзе. Разам з тым доля ўдзельнікаў нядзельнай літургіі павялічылася з 6,6 да 6,8 працэнта, працягнуўшы рост трэці год запар.

Статыстыка сведчыць не толькі пра спад, але і пра новыя знакі надзеі

Найбольш прыкметная пазітыўная тэндэнцыя датычыць дарослых, якія прымаюць хрост. У 2025 годзе ў Германіі былі ахрышчаны 2650 чалавек ва ўзросце ад 14 гадоў, што на 28 працэнтаў больш, чым годам раней. Агульная колькасць хростаў пры гэтым скарацілася да 109 002. Адначасова павялічылася колькасць людзей, якія далучыліся да Каталіцкага Касцёла, — іх было 2269, а яшчэ 5443 чалавекі вярнуліся ў Касцёл пасля ранейшага выхаду.

Паводле даведніка, у 2025 годзе першую святую Камунію прынялі 152 357 дзяцей, сакрамэнт канфірмацыі – 105 334 вернікі, а святарскія пасвячэнні атрымалі 25 кандыдатаў.

Статыстыка таксама адлюстроўвае змяншэнне колькасці душпастырскага персаналу і агульнай колькасці ўдзельнікаў літургіі, аднак асобныя паказчыкі сведчаць пра адносную стабілізацыю і рост цікавасці да Касцёла сярод дарослых.

Даведнік паказвае жыццё Касцёла ў розных вымярэннях

Выданне не абмяжоўваецца статыстыкай. Яно дае шырокі агляд жыцця Каталіцкага Касцёла ў Германіі: ад дзейнасці каталіцкіх школ, моладзевага душпастырства, католікаў іншых моў і абрадаў да служэння "Caritas", манаскіх супольнасцей, каталіцкіх медыя і культурных ініцыятыў.

Асобныя раздзелы прысвечаны становішчу жанчын у Касцёле, падрыхтоўцы дарослых да хросту, развіццю сінадальнага працэсу, а таксама намаганням па абароне дзяцей і ўразлівых асоб ад злоўжыванняў.
 

10 жніўня 2026, 10:14