Удзельнікі Першага хрысціянска-канфуцыянскага калёквіума Удзельнікі Першага хрысціянска-канфуцыянскага калёквіума 

Хрысціяне і канфуцыянцы ў Сеуле прынялі выніковую дэкларацыю

У Сеуле завяршыўся Першы хрысціянска-канфуцыянскі калёквіум. Яго ўдзельнікі прынялі выніковую дэкларацыю, заклікаўшы да супольнага будаўніцтва справядлівага і гарманічнага грамадства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

4-5 жніўня 2026 года ва ўніверсітэце Соган у паўднёвакарэйскім Сеуле адбыўся Першы хрысціянска-канфуцыянскі калёквіум. Тэмай сустрэчы стала "Новае неба, новая зямля і Датун (Дэ-дон) (Вялікая гармонія, Вялікае адзінства): хрысціянска-канфуцыянскі дыялог дзеля будаўніцтва ідэальнага грамадства".

Арганізатарамі форуму выступілі Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Карэі, Канфуцыянская акадэмія Карэі "Сонгюнгван" і езуіцкі ўніверсітэт Соган. У ім удзельнічалі навукоўцы, рэлігійныя лідары і педагогі з Азіі, Европы і Паўночнай Амерыкі.

Супольная сустрэча выявіла перакананасць у тым, што росквіт грамадства пачынаецца з фарміравання адказнай асобы. Адказны падыход да кіраўніцтва, клопат пра слабых і ахова планеты названыя ў дэкларацыі маральным і духоўным абавязкам кожнага.

Удзельнікі абмеркавалі і такія сучасныя выклікі, як сацыяльная фрагментацыя, адзінота, вымушаная міграцыя, вайна і хуткае развіццё штучнага інтэлекту. Тэхналагічны прагрэс, на іх думку, павінен паважаць чалавечае жыццё і маральныя нормы.

"У гэтую вялікую эпоху штучнага інтэлекту, грунтуючыся на канфуцыянскім духу дабрачыннасці і хрысціянскай каштоўнасці любові, мы імкнёмся да таго, каб усялякі тэхналагічны прагрэс актыўна ўзмацняў чалавечую годнасць і этычныя каштоўнасці", - падкрэслена ў супольнай дэкларацыі.

Удзельнікі калёквіума заклікалі да далейшай працы праз навуку, адукацыю і актыўнае прыцягненне моладзі. Рэлігійныя лідары пацвердзілі намер паглыбляць сяброўства і садзейнічаць стварэнню супольнасцей, заснаваных на спагадзе і агульнай адказнасці. Супольная мэта палягае ў стварэнні свету, дзе кожная асоба можа жыць у міры, годнасці і надзеі.
 

06 жніўня 2026, 09:25