Пошук

Баптыстэрый у саборы Нотр-Дам у Парыжы Баптыстэрый у саборы Нотр-Дам у Парыжы  (AFP or licensors)

Старшыня COMECE пра новыя шляхі пошуку Бога ў Еўропе

Старшыня Рады біскупскіх канферэнцый Еўропы біскуп Марыяна Крачата заявіў пра патрэбу абнаўлення душпастырства на Старым Кантыненце праз рост колькасці дарослых катэхуменаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

17 жніўня 2026 года італьянскі штодзённік "Avvenire" апублікаваў інтэрв'ю са старшынёй Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці (COMECE). Біскуп Марыяна Крачата падкрэсліў, што Касцёл павінен выйсці за межы звычайных схем, каб прымаць новыя формы пошуку Бога.

"Наша душпастырства, хоць жывое і праактыўнае, не здаецца дастаткова падрыхтаваным да таго, каб дасягнуць шукальнікаў, якія існуюць па-за вядомымі касцельнымі структурамі", - зазначыў іерарх. Ён дадаў, што найбольш надзённым выклікам застаецца суправаджэнне людзей, якія прымаюць хрост у дарослым узросце.

Трансфармацыя рэлігійнасці і новыя знакі часу

Іерарх прывёў прыклады ажыўлення веры, сярод якіх святая Імша з Папам Львом XIV у Мадрыдзе ва ўрачыстасць Божага Цела, дзе сабралася больш за 1 мільён вернікаў. Сапраўдную зацікаўленасць выклікала і будучая папская пілігрымка ў Францыю, дзе бясплатныя ўваходныя квіткі былі распаўсюджаны за некалькі гадзін.

"У Еўропе адчуваюцца наступствы секулярызацыі, пра што сведчыць спад рэлігійных практык і колькасці святароў, але агулам рэлігійнасць не знікае, а трансфармуецца, набываючы іншыя формы, больш прыватныя і суб'ектыўныя", - падкрэсліў іерарх.

Асабліва ярка гэта праяўляецца ў Францыі, дзе сёлета хросту папрасілі больш за 13 тысяч дарослых. Цытуючы біскупа Нікаля Брувэ з дыяцэзіі Нім, старшыня COMECE адзначыў, што "амаль ніхто з тых, хто просіць хросту, не прайшоў звычайным душпастырскім шляхам".

Адказнасць хрысціян у сучасным грамадстве

Паводле біскупа Крачаты, такі стан рэчаў заклікае адкрыцца на новыя формы сустрэчы з Хрыстом. Ён нагадаў, што Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці была заснавана ў 1980 годзе для суправаджэння еўрапейскай інтэграцыі і аналізу заканадаўчай дзейнасці ў святле сацыяльнага вучэння Касцёла.

Структура працягвае сачыць за грамадскімі, маральнымі і рэлігійнымі працэсамі ў ЕС. "Мы, вернікі, хрысціяне, католікі, маем адказнасць і абавязак без ваганняў выконваць сваю ролю", - падкрэсліў італьянскі іерарх.
 

17 жніўня 2026, 10:24