Экуменічная малітва ў Сірыі: ушанавалі святога Сімяона Слупніка
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
17 жніўня 2026 года ў кляштары святога Сімяона Слупніка "Qal'at Sim'an" на паўночным захадзе Сірыі адбылося экуменічнае набажэнства. У межах сустрэчы на гістарычнае месца быў вернуты вялікі камень, які з'яўляецца часткай калоны святога аскета.
Цырымонію ўзначаліў праваслаўны Мітрапаліт Алепа Ефрэм. У падзеі ўдзельнічалі прадстаяцелі і прадстаўнікі розных хрысціянскіх супольнасцей і дзяржаўных улад.
Святы Сімяон Старэйшы нарадзіўся каля 390 года і памёр у 459 годзе. Ён прысвяціў амаль 40 гадоў жыцця суровай аскезе, знаходзячыся на калоне. Ён ушаноўваецца як першы святы слупнік і заснавальнік гэтай формы духоўнага жыцця. Яшчэ пры жыцці аскета гэтае месца стала важным цэнтрам пілігрымак. Пасля яго смерці вакол калоны паўстаў храмавы комплекс, дзе маглі жыць да 300 манахаў.
Манументальная святыня, размешчаная каля 30 кіламетраў на паўночны захад ад Алепа, будавалася ў 476-491 гадах. У часы свайго росквіту яна належала да найбольшых хрысціянскіх асяродкаў і складалася з 4 базілік у форме крыжа з цэнтральным актагонам. Комплекс зазнаў пашкоджанні падчас узброеных канфліктаў у Сірыі, а землятрус 2023 года прынёс новыя разбурэнні. Тым не менш, руіны застаюцца выбітным сведчаннем візантыйскай архітэктуры. У будучыні плануецца аднаўленне гэтага месца як цэнтра культуры і духоўнасці.
Кляштар святога Сімяона застаецца адным з найважнейшых археалагічных аб'ектаў у паўночнай Сірыі. Ён месціцца на тэрыторыі так званых "Мёртвых гарадоў". Гэты рэгіён уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і аб'ядноўвае каля 800 старажытных паселішчаў і амаль 2 тысячы храмаў, збудаваных у перыяд з IV па VII стагоддзе.