Калумбія: парафіі сталі прытулкам пасля землятрусу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Касцёл з першых гадзін пасля трагедыі далучыўся да дапамогі пацярпелым. Парафіі, касцельныя залы і цэнтры прымаюць людзей, якія не могуць вярнуцца ў свае дамы, а 25 харчовых банкаў, звязаных з калумбійскімі дыяцэзіямі, збіраюць прадукты і неабходныя рэчы.
Касцельныя структуры таксама задзейнічалі фінансавую падтрымку з Нацыянальнага крызіснага фонду. Сярод найбольш неабходнага – вада, прадукты з доўгім тэрмінам захоўвання, коўдры і ратавальнае абсталяванне.
Паводле ксяндза Рауля Ортыса Тора, сакратара калумбійскага епіскапату, у выніку катаклізму пацярпелі больш за 53 тысячы чалавек, а больш за 11 тысяч дамоў былі пашкоджаныя. Землятрус таксама закрануў касцельныя будынкі: у Кібдо пацярпела біскупская рэзідэнцыя, у Даскебрадас быў цалкам разбураны касцёл Маці Божай з Гвадэлупы, а ў Манісалесе абрынулася адна з веж катэдральнай базілікі.
Ксёндз Ортыс Тора адзначыў салідарнасць Касцёла з-за мяжы, падтрымку дыкастэрый Святога Пасада і малітву Льва XIV. Паводле яго, трагедыя адбываецца ў перыяд моцнай палітычнай палярызацыі ў краіне, але адначасова нагадвае пра агульную чалавечую крохкасць. "Гэта ключавы момант для Калумбіі, каб жыць нацыянальным адзінствам і братэрствам, якое нас яднае, а таксама блізкасцю, якая нараджаецца менавіта ў хвіліны пакут", - падкрэсліў сакратар епіскапату.
Землятрус магнітудай 7,4 адбыўся раніцай 10 2026 года жніўня на захадзе Калумбіі. Эпіцэнтр знаходзіўся ў дэпартаменце Чока, непадалёк ад Сан-Хасэ-дэль-Пальмар. Паводле самых свежых даных, загінулі 265 чалавек, амаль 3,5 тысячы атрымалі раненні, каля 500 лічацца зніклымі без вестак.