Пошук

Кардынал Матэа Дзупі ў Рыміні Кардынал Матэа Дзупі ў Рыміні  (ANSA)

Старшыня епіскапату Італіі: не прызвычайвацца да пакут мігрантаў

Кардынал Матэа Дзупі заклікаў не прызвычайвацца да пакут мігрантаў, але нагадаў, што выратаванне людзей у Міжземным моры не азначае адкрыцця меж для ўсіх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На палях "Сустрэчы сяброўства паміж народамі" ў Рыміні старшыня італьянскага епіскапату кардынал Матэа Дзупі заявіў, што "людзі важнейшыя за межы, і гэта не падлягае абмеркаванню". Ён нагадаў пра чарговых 15 чалавек, якія загінулі ў водах Міжземнага мора, спрабуючы трапіць у Еўропу. Іерарха цытуе агенцтва "SIR".

Арцыбіскуп Балонні падкрэсліў, што "ратаваць усіх не азначае, што ўсе трапяць" у Еўропу, як гэта сцвярджае "спрошчаная і палярызаваная рыторыка". На яго думку, ратуючы кожнага чалавека, неабходна шукаць "шляхі, ідэі, правілы, легалізацыю, каб змагацца з нелегальнасцю законнымі сродкамі".

На думку кардынала, трэба думаць пра будучыню і шукаць рашэнні, якія дазволяць яе будаваць. Гэта важна і для Еўропы – салідарнай і адзінай, такой, якой яе задумвалі яе стваральнікі. Як нагадаў Дзупі, ля вытокаў еўрапейскага аб’яднання стаялі многія хрысціяне, якія хацелі пакласці канец войнам і стварыць прастору, дзе людзі розных народаў маглі б жыць разам.

Старшыня італьянскага епіскапату падкрэсліў, што "ніколі нельга прызвычайвацца да пакут столькіх людзей". Ён таксама выказаў надзею на тое, што нястомныя заклікі Папы Льва XIV да міру і прыняцця мігрантаў "будуць успрыняты сур’ёзна". "Гэта рэалістычныя, а не пустыя заклікі", - адзначыў кардынал.

Ён нагадаў, што пасля Другой сусветнай вайны менавіта хрысціянскі рэалізм дапамог стварыць парадак, заснаваны на перакананні: канфлікты трэба вырашаць дыялогам і словамі. Досвед вайны, паводле яго, навучыў свет адмаўляцца ад яе і шукаць іншыя шляхі вырашэння спрэчак.
 

24 жніўня 2026, 10:03